Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамога ў мэтах разьвіцьця» — адзін з прыярытэтаў польскай дыпляматыі ў Беларусі


Польскі амбасадар Конрад Паўлік

Цягам апошніх двух гадоў, з моманту адмены санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, палітычныя і эканамічныя кантакты Польшчы і Беларусі актывізаваліся. Таваразварот паміж абедзьвюма краінамі дасягнуў 2,5 мільярда даляраў. Польскія консульскія ўстановы выдадуць беларусам сёлета больш за 400 тысяч візаў.

Дыпляматы польскай амбасады ў Беларусі правялі 14 сьнежня перадкалядную сустрэчу з журналістамі.

Сёлета адбыўся больш за дзясятак візытаў уплывовых дзяржаўных дзеячаў Польшчы ў Беларусь, сказаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Таваразварот паміж Польшчай і Беларусьсю — 2,5 мільярда даляраў

Таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай у 2017 годзе дасягнуў 2,5 мільярда даляраў.

Новы прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, які некалькі дзён таму заступіў на гэтую пасаду, пры канцы мінулага году наведаў юбілейны, 20-ы бізнэс-форум «Беларусь — Польшча» ў Менску, і тады ён казаў пра паглыбленьне эканамічных адносінаў. І леташні візыт Маравецкага ўжо прыносіць адчувальны эфэкт, кажа амбасадар Конрад Паўлік.

Рост таваразвароту паміж Польшчай і Беларусьсю значны, 2,5 мільярда даляраў — гэта на 20% больш, чым у 2016 годзе. Моцна прасунуўся экспарт тавараў зь Беларусі ў Польшчу — ён перавысіў экспарт польскіх тавараў у Беларусь.

Гістарычны дыялёг: Польшча рыхтуецца адзначыць 100-годзьдзе незалежнасьці

За апошнія месяцы польская амбасада ў Беларусі рэканструявала некалькі польскіх вайсковых могілак. У Даўгінаве адбылося перапахаваньне праху польскіх жаўнераў, якія загінулі на памежнай заставе. Сумеснымі намаганьнямі падрыхтавана некалькі выставак на гістарычную тэматыку, прысьвечаных Першай Усясьветнай вайне, барацьбе каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў з нацызмам.

У наступным годзе Польшча будзе сьвяткаваць 100-годзьдзе сваёй незалежнасьці.

«Мы хочам, каб юбілей стаў магчымасьцю яшчэ больш распавесьці беларусам пра Польшчу», — кажа Конрад Паўлік.

Культура бязь межаў: у Менску выступілі дырыжор Кшыштаф Пэндэрэцкі і джазавы піяніст Лешэк Можджар

Матэвуш Адамскі
Матэвуш Адамскі

Дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі сказаў, што сёлета ягоная ўстанова ажыцьцявіла ў Беларусі больш за 140 культурніцкіх праектаў. Шэраг кніжных навінак выйшаў пры падтрымцы Польскага інстытуту: кніга Анатоля Трафімчыка «Наш Касьцюшка слаўны», том мэмуараў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль», раман Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы».

Дзякуючы Польскаму інстытуту ў Беларусі адбылося больш за 20 канцэртаў, паказана больш за 30 фільмаў і спэктакляў. Сёлета ў Менск прыяжджалі ўсясьветна вядомы дырыжор Кшыштаф Пэндэрэцкі, джазавы піяніст Лешэк Можджар.

Дзясяткі выставаў арганізаваў Польскі інстытут па ўсёй Беларусі. Літаральна пазаўчора ў Гістарычным музэі сталіцы адкрылася выстава кракаўскай каляднай батлейкі.

500 новых беларускіх студэнтаў вывучаюць польскую мову на курсах, арганізаваных Польскім інстытутам.

Кнігі, выдадзеныя Польскім інстытутам у Менску
Кнігі, выдадзеныя Польскім інстытутам у Менску

«Дапамога ў мэтах разьвіцьця»

Больш за 400 тысяч эўра выдаткавалі палякі на праграму «Дапамога ў мэтах разьвіцьця».

«Гэта асабліва важны праект на карысьць Беларусі, бо Беларусь уваходзіць у дзясятак прыярытэтных для нас краінаў. Мы выдзяляем малыя гранты і стыпэндыі, працуем зь дзецьмі з інваліднасьцю. Сёлета рэалізавана 7 праектаў „малых грантаў“. Бліжэйшым часам ёсьць сродкі яшчэ на 4 праекты — на разьвіцьцё інфраструктуры, будоўлю спартовых пляцовак для асобаў з інваліднасьцю», — кажа першы сакратар амбасады Ганна Хабрас.

Ганна Хабрас
Ганна Хабрас

У 2017 годзе амбасада Польшчы выдасьць беларусам 400 тысяч візаў

Польскія консульскія ўстановы, акрэдытаваныя ў Беларусі, пачалі з 2016 году працаваць па-новаму. Мяркуецца, што сёлета будзе выдадзена каля 400 тысяч візаў. Цяпер польскія і шэнгенскія візы выдаюцца ў 12 цэнтрах: трох кансулятах (у Горадні, Берасьці, Менску), васьмі візавых цэнтрах, а таксама ў кансуляце Латвіі ў Віцебску.

«Мы стараемся выдаваць больш шматразовых і доўгатэрміновых візаў. Нас радуе попыт на шэнгенскія і польскія візы ў беларусаў. Сама працэдура атрыманьня візаў зрабілася прасьцейшаю, сыстэма працуе лепш, візы сталі больш даступнымі», — кажа амбасадар Конрад Паўлік.

Дамінаваньне Расеі і дэзынфармацыя: экспэрты вызначалі 7 інфармацыйных пагроз Беларусі

XS
SM
MD
LG