Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэралізацыя не прайшла: кіроўцаў-бяспраўнікаў будуць саджаць, ліхачоў — пазбаўляць правоў  


Лібэральнай рэформы беларускія кіроўцы не дачакаліся
Лібэральнай рэформы беларускія кіроўцы не дачакаліся

Згодна з папраўкамі ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях і Працэсуальна-выканаўчым кодэксе, бяспраўнікаў будуць караць адміністрацыйным арыштам за паўторнае парушэньне.

Адпаведны законапраект прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні.

Як паведаміў старшыня камісіі Андрэй Навумовіч, у законапраект уведзеныя нормы, якія прадугледжваюць магчымасьць адміністрацыйнага арышту за паўторнае цягам году кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае на гэта права, а таксама перадачу кіраваньня аўто такой асобе.

Дагэтуль парушальнік абыходзіўся штрафам: ад 5 да 20 базавых велічынь за першы раз і ад 20 да 50 базавых велічынь — паўторна цягам году.

Не ўдалося лібэралізаваць і пункт, які тычыцца аматараў хуткай язды. Адпачатку прапаноўвалася не пазбаўляць правоў за паўторнае перавышэньне хуткасьці на працягу аднаго году, абмежаваўшыся штрафнымі санкцыямі. Аднак падчас падрыхтоўкі да другога чытаньня Міністэрства ўнутраных спраў рэкамэндавала захаваць старыя нормы, што было ўлічана дэпутатамі.

Хоць летась, падчас грамадзкага абмеркаваньня аб унясеньні паправак у адміністрацыйнае заканадаўства, сілавікі абяцалі максымальную «лібэралізацыю» у частцы нязначных правапарушэньняў. Сярод іншага казалі пра неабходнасьць выключыць адміністрацыйную адказнасьць за перавышэньне хуткасьці руху ад 10 да 20 кілямэтраў на гадзіну і штрафаваць за паўторнае перавышэньне, не пазбаўляючы правоў кіроўцы.

Аляксандр Лукашэнка першапачаткова падтрымаў ідэю аб «лібэралізацыі адказнасьці» да шэрагу правапарушэньняў, але пры гэтым заклікаў да «асьцярожнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG