Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучылася да канвэнцыі аб міжнародным спагнаньні алімэнтаў. Як гэта працуе?


Палата прадстаўнікоў ратыфікавала міжнародную канвэнцыю спагнаньня алімэнтаў. Гэты дакумэнт быў уведзены ў дзеяньне ў 2007 годзе, сёлета ўлады Беларусі вырашылі далучыцца да гэтай сыстэмы.

Цяпер калі хтосьці з грамадзянаў Беларусі хоча атрымаць алімэнты ад былых мужа альбо жонкі, якія пражываюць на тэрыторыі адной з 38 краін, якія ўжо далучыліся да канвэнцыі (а гэта краіны Эўразьвязу, Злучаныя Штаты Амэрыкі і некаторыя іншыя), то яны маюць два шляхі рэалізацыі свайго намеру. Першы — зьвярнуцца наўпрост у суд той краіны, дзе жыве былы муж альбо жонка, другі — дзейнічаць паводле міжнароднай канвэнцыі 1956 году.

Але, як сказаў міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі, абодва гэтыя варыянты кепскія. Першы — таму што гэта вельмі дорага і патрабуе асабістай прысутнасьці заяўніка ў судзе краіны, дзе будзе разглядацца справа. А ў канвэнцыі ад 1956 году адсутнічае мэханізм, які б выразна прапісваў усе працэдуры.

Алег Сьліжэўскі, архіўнае фота
Алег Сьліжэўскі, архіўнае фота

Новая канвэнцыя спрашчае працэдуры. Не патрэбна наймаць міжнародных юрыстаў, перакладчыкаў. Усе неабходныя дакумэнты для падачы скаргі неўзабаве зьявяцца на сайце Міністэрства юстыцыі Беларусі, іх можна будзе запоўніць на ангельскай мове і перадаць у міжнародны суд.

Як лічыць міністар Сьліжэўскі, гэта значна спросьціць працэдуру абароны правоў дзяцей бацькам альбо маці, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Міністар ня мае адказу на пытаньне, колькі беларусаў можа закрануць новая канвэнцыя:

«Такой статыстыкі ў нас няма. Але я думаю, што гэтая лічба немалая, паколькі беларусы апошнім часам актыўна бяруцца шлюбам з замежнымі грамадзянамі».

Сьліжэўскі лічыць, што старая канвэнцыя 1956 году вельмі складаная і дарагая, новая — значна прасьцейшая і таньнейшая. Міністар удакладніў, што тыя беларусы, якія падалі свае скаргі раней, цяпер могуць падаць новыя дакумэнты ўжо адпаведна з канвэнцыяй 2007 году:

«Думаю, што цягам аднаго-двух месяцаў усе працэдуры, якія неабходна перадаць у міжнародныя структуры, мы правядзём. Таму літаральна на пачатку наступнага году беларусы змогуць скарыстацца новай магчымасьцю спагнаньня алімэнтаў».

XS
SM
MD
LG