Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў 6-га скліканьня ўпершыню разгледзелі законапраект ад саміх дэпутатаў


Палата прадстаўнікоў, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Палата прадстаўнікоў разгледзела зьмены і дапаўненьні ў закон «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і пераўтварэньнях дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы».

Ці не галоўная яго адметнасьць тое, што ініцыятарамі сталі самі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — Леанід Брыч і Сяргей Зямчонак.

Дэпутаты 6-га скліканьня працуюць ужо другі год, але ўпершыню на сэсію вынесены законапраект, падрыхтаваны непасрэдна абраньнікамі. Раней на разгляд паступалі законапраекты Савету Міністраў ці прэзыдэнцкай адміністрацыі.

І хоць гэта ня цалкам новы закон, а толькі зьмены і дапаўненьні, такі крок сьведчыць: дэпутаты пачынаюць разумець, што і яны валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы.

Як адзначыў адзін з суаўтараў законапраекту Леанід Брыч, дакумэнт зьявіўся таму, што неабходна «істотна падвысіць інвэстыцыйную прывабнасьць нашай краіны».

Дэпутаты прапаноўваюць найперш выключыць з закону тое, што прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі праводзіцца толькі паводле пляну дзяржаўнай прыватызацыі, які раней зацьвярджаўся ўрадам. Як адзначыў старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы Ўладзіслаў Шчэпаў, гэты захад не пагоршыць закон, але зьніме шэраг пытаньняў у замежных інвэстараў, якія вельмі асьцярожна ставяцца да ўсялякіх дзяржаўных структур.

Другая навэла, якую прапануюць дэпутаты,— зьменшыць час, цягам якога можна аспрэчыць зьдзелку прыватызацыі. Сёньня гэты тэрмін складае 10 гадоў. Дэпутаты прапануюць скараціць яго больш чым утрая — да 3 гадоў.

Калегі Брыча і Зямчонка прагаласавалі за тое, каб прыняць законапраект у першым чытаньні. Старшыня камісіі Ўладзіслаў Шчэпаў не выключае, што да другога чытаньня зьявяцца новыя прапановы, бо праца, асабліва з замежнымі інвэстарамі, паказвае: закону патрэбны і іншыя карэктывы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG