Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Пуціна, змову і Парашэнку. Галоўныя тэзісы інтэрвію з Саакашвілі


Генэральная пракуратура Ўкраіны выклікала Міхэіла Саакашвілі на допыт. 18 сьнежня экс-прэзыдэнт Грузіі павінен зьявіцца ў пракуратуру ў якасьці падазраванага па абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў.

Як сам Саакашвілі ацэньвае сытуацыю, ён распавёў у інтэрвію нашаму радыё.

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі

— У мяне няма амбіцый быць прэзыдэнтам Украіны. Прэзыдэнтам Украіны адназначна павінен быць этнічны ўкраінец. Хоць этнічнасьць ва Ўкраіне адноснае паняцьце, але ўсё роўна гэта павінен быць чалавек, які нарадзіўся ва Ўкраіне і ўсё жыцьцё пражыў ва Ўкраіне. Я прыехаў ва Ўкраіну вельмі юным, але тут я не нарадзіўся, і ўсяго жыцьця не пражыў.

Пра Пуціна, ФСБ і магчымасьць экстрадыцыі ў Грузію

— Яны спрабуюць даказаць, што я, Міхэіл Саакашвілі, агент ФСБ і працую на Пуціна. Калі яны дакажуць (я гэта жартам сказаў), то трэба мяне тэрмінова мяняць на ўкраінскіх разьведчыкаў у Расеі. Пуцін мяне з задавальненьнем забярэ, як агента ФСБ.

Потым, напэўна, перадасьць паўднёваасэтынскай выведцы. Яны [ўкраінская ўлада] цішком хочуць дамовіцца аб маёй экстрадыцыі ў Грузію. Але там, у Грузіі, у іх таксама будуць праблемы, таму што людзі ў Грузіі мяне адразу вызваляць.

Пра фінансаваньне

— У нас цяпер [фінансаў] няма. Але тое, што я ў Украіне існую, ем, перасоўваюся, заліваю ў машыну бэнзін, у нас функцыянуе партыя, вядома, гэта дапамагаюць людзі.

Што тычыцца мяне ці паплечнікаў, што нам асабіста нехта дапамагае, то гэта наша асабістая справа. І гэта дакладна не алігархі, дакладна не Расея. Тады ў нас было б значна больш грошай. Гэта, як правіла, сярэдні бізнэс.

Пра апошнюю размову з Парашэнкам

— [Размаўляў] на Мальце ў сакавіку сёлета. Ён мне пагражаў і папярэджваў аб наступствах. Тады, праўда, у асноўным аб [пазбаўленьні] грамадзянства намякаў, што потым і зрабіў. А калі я ўжо вяртаўся ва Ўкраіну, яны мне пагражалі канкрэтна крымінальнымі справамі.

Пуцін vs Парашэнка

— З падтрымкай у мяне праблем не будзе. У мяне іншая праблема, што ўсё гэта шкодзіць Украіне. Таму гэта ўсё трэба спыніць. Замест таго, каб казаць, які дрэнны Пуцін, усе пераключыліся на тое, наколькі дрэнны Парашэнка. Парашэнка дрэнны? Мне падалося, што ён нэгатыўны. Але ці павінны людзі з гэтай прычыны забываць пра Пуціна? Не.

* * *

Ва Ўкраіне Саакашвілі падазраюць у дапамаганьні «ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойваньні іх злачыннай дзейнасьці». Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што палітык нібыта атрымаў паўмільёна даляраў на фінансаваньне сваёй дзейнасьці ад украінскага бізнэсоўца Сяргея Курчанкі, які хаваецца ў Расеі.

Курчанка заяўляе, што не знаёмы з Саакашвілі.

Міхэіл Саакашвілі адмаўляе ўсе абвінавачаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG