Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе прапануюць вярнуць гістарычную назву вуліцы Сьвярдлова — Віленскі тракт


Ліда, ілюстрацыйне фота

Ініцыятыва вяртаньня гістарычнай назвы належыць жыхарам Ліды, якія зьвярнуліся ў райвыканкам з калектыўным зваротам. У Лідзкім райвыканкаме заяўляюць, што пакуль вывучаюць грамадзкую думку.

У першы тыдзень абмеркаваньня прапановы вярнуць вуліцы Сьвярдлова ў Лідзе яе гістарычную назву погляды гараджан падзяліліся. Частка жыхароў вуліцы, пераважна сталага веку, выказваюцца за тое, што мяняць нічога ня трэба.

Сярод тых, хто станоўча паставіўся да прапановы, — старшыня Лідзкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік. Ён лічыць, што даўно насьпеў той час, каб у горадзе пазбавіліся чужародных бальшавіцкіх назваў і вярнулі яму спрадвечныя тапонімы.

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

Паводле Судніка, у цэнтры гораду варта зьмяніць і назвы тыпу Савецкая, Ленінская і іншыя:

«Цалкам лягічна, калі вуліца Сьвярдлова стане Віленскім трактам, паколькі яна і ідзе ў бок Вільні, нашы продкі нездарма назвалі яе так».

Загадчыца сэктару ідэалягічнай работы Лідзкага райвыканкаму Алена Каралевіч пацьвердзіла, што ў горадзе актыўна вывучаюць ініцыятыву гараджан па вяртаньні вуліцы гістарычнай назвы.

«Праўда, мы пакуль ніякіх высноў не зрабілі, паколькі працэс у самым разгары, але некаторыя погляды на тое, якую назву павінна насіць вуліца, нас ужо проста зьдзівілі», — кажа Алена Каралевіч.

Паводле яе, улады вывучаюць думку грамадзян у сацсетках, актыўна да абмеркаваньня паставіліся і мясцовыя СМІ. У Лідзе нядаўна некаторым вуліцам вярнулі іх гістарычныя назвы. У прыватнасьці, зьявіліся вуліцы Грунвальдзкая, Замкавая і бульвар Гедыміна.

«У нас ёсьць ужо невялікі вопыт, а таму мы і надалей будзем прыслухоўвацца да пажаданьняў усіх жыхароў і аднаасобна ніхто рашэньня прымаць ня будзе», — падкрэсьлівае загадчыца ідэалягічнагам сэктару Лідзкага райвыканкаму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG