Як паведамляе агенцтва Associated Press, пад канец кастрычніка мастачка Мэрыян Барнард заявіла, што ў 1975 годзе яна стала ахвярай дамаганьняў Паляньскага. Сьцьвярджаецца, што рэжысэр чапляўся да яе падчас фотасэсіі. Мастачка зрабіла такую заяву на фоне скандалу з прадусарам Гарві Вайнштэйнам, якога дзесяткі акторак абвінавацілі ў дамаганьнях.
Калі віна Паляньскага будзе даказаная, яго ўсё роўна ня змогуць прыцягнуць да адказнасьці, бо мінуў тэрмін даўнасьці. Нягледзячы на гэта, расьсьледаваньне працягнецца, паколькі атрыманыя доказы могуць быць карысныя ў судовых дзеяньнях у іншых справах.
82-гадовага Паляньскага, які мае польскае і францускае грамадзянствы, дагэтуль шукаюць у ЗША для вынясеньня прысуду ў дачыненьні да выпадку 1977 году аб згвалтаваньні Саманты Геймэр пасьля фотасэсіі ў Лос-Анджэлесе. У той час ёй было 13 гадоў, а Паляньскаму 43 гады. Рэжысэр прызнаў сябе вінаватым, але потым зьбег з ЗША.
У сьнежні 2016 году Найвышэйшы суд Польшчы канчаткова адмовіў амэрыканскай пракуратуры ў экстрадыцыі Паляньскага ў ЗША.
Паляньскі зьняў такія фільмы, як «Нож у вадзе», «Тупік», «Дзіця Розмэры», «Кітайскі квартал». У 2003 годзе яго карціна «Піяніст» пра лёс польскага музыканта Уладзіслава Шпільмана атрымала прэмію «Оскар».