Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прывезьлі кракаўскія батлейкі з цмокам і панам Твардоўскім. ФОТА


Сьвяточны падарунак — выставу «Кракаўскія калядныя батлейкі» — у Менску арганізавалі Польскі інстытут і Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь.

12 сьнежня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё выставы, у якой пераплятаецца гісторыя, легенды і сучаснасьць Кракава.

Кракаўскія батлейкі (польск. szopka) — гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэньня з архітэктурнай спасылкай на адметнасьці Кракава. Стылёвая разнастайнасьць кракаўскіх касьцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхненьня. Гэтая форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, зьяўляючыся правобразам сучасных батлеек, якія таксама маюць надзвычайную рэлігійную, мастацкую, патрыятычную і гістарычную каштоўнасьць.

Першы конкурс «шопак» прайшоў 21 сьнежня 1937 году каля падножжа помніка Адама Міцкевіча на кракаўскай Рынкавай плошчы. У час гітлераўскай акупацыі традыцыя была прыпыненая. Чарговы раз конкурс прайшоў 21 сьнежня 1945 г. каля разбуранага помніка Міцкевічу.

Пачынаючы з 1946 году, арганізацыю конкурсу ўзяў на сябе Гістарычны музэй Кракава. Ужо прайшло 75 конкурсаў, рэглямэнт якіх на роўных правах дапускае да ўдзелу як працы прафэсіяналаў (архітэктараў, мастакоў), так і мастакоў-аматараў.

У сёлетнім конкурсе удзельнічала 50 батлеек, выкананых дарослымі, і 170 батлеек, створаных дзецьмі. Праўда, самыя ўражлівыя «шопкі» звычайна ўсё ж такі належаць аўтарству спрактыкаваных майстроў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе ўжо доўгія гады. За гэты час яны пасьпелі выпрацаваць сваю ўласную, сакрэтную тэхніку, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне.

Выкарыстоўваць можна любы матэрыял: дрэва, кардон, шкло, сталь, плястык, плястылін, каляровую фольгу і многае іншае. Не забараняецца дапаўняць канструкцыю электрычнымі правадамі, прывадамі і лямпачкамі, дзякуючы якім батлейкі відаць нават пры слабым асьвятленьні. Акрамя таго, з дапамогай электронікі можна «ажывіць» пэрсанажаў каляднай сцэнкі. Некаторыя батлейкі маюць музычныя рашэньні, зь іх гучаць кракаўскія мэлёдыі або найбольш папулярныя калядкі.

На выставе ў гістарычным музэі прадстаўлены батлейкі з фондаў кракаўскага музэю, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. У шматпавярховых фантазійных канструкцыях на тэму архітэктуры Кракава, акрамя сцэн Божага Нараджэньня, можна ўбачыць і Вавэльскага цмока, і ляйконіка (пэрсанажа ў касьцюме татарскага вершніка, які з’яўляецца важным элемэнтам кракаўскай фальклёрнай традыцыі), і каралёў, і нацыянальных герояў, і нават нячысьціка і пана Твардоўскага, легендарнага чарнакніжніка з Кракава.

Кракаўскія батлейкі, архіўнае фота
Кракаўскія батлейкі, архіўнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG