Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве будзе рыхтаваць беларускіх перакладчыкаў


Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага

У Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага плянуюць адкрыць беларускую групу, якая займаецца мастацкім перакладам, паведаміў рэктар маскоўскага ВНУ Аляксей Варламаў.

«Наша навучальная ўстанова мае намер адкрыць групу беларускіх перакладчыкаў. Запрашаем моладзь для асваеньня мастацкага перакладу з расейскай на беларускую і зь беларускай на расейскую мовы», — паведаміў Аляксей Варламаў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«Мастацкі пераклад, які займае важнае месца ў супрацоўніцтве літаратараў, знаходзіцца ў заняпадзе. А маладых спэцыялістаў, якія ведаюць мовы народаў Расеі і славянскія мовы, вельмі мала. Стварэньне беларускай групы — гэта наша рэакцыя на сытуацыю, якая склалася», — заявіў рэктар.

Паводле Варламава, на сайце інстытута зьявіцца дакладная інфармацыя пра ўмовы конкурсу, прэтэндэнты павінны будуць падаць свае пераклады, прозу ці вершы, пераможцы конкурсу атрымаюць падтрымку Рассупрацоўніцтва.

Рэктар маскоўскага Літінстытуту зьвярнуў увагу на тое, што менавіта Беларусь стала першай пляцоўкай для правядзеньня прэзэнтацыі Дома нацыянальных літаратур. У цэнтры Масквы, недалёка ад беларускай амбасады, выдзелены адмысловы будынак для Дома нацыянальных літаратур, дзе будуць адбывацца сустрэчы пісьменьнікаў розных краінаў, фэстывалі, прэзэнтацыі, экспазыцыі, майстар-клясы, паведамляе «Інтэрфакс».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG