Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: прэзыдэнтам Украіны павінен быць этнічны ўкраінец


Лідэр партыі «Рух новых сіл» Міхэіл Саакашвілі адмаўляе, што хоча быць прэзыдэнтам Украіны.

«У мяне няма амбіцый быць прэзыдэнтам Украіны. Прэзыдэнтам Украіны адназначна павінен быць этнічны ўкраінец. Хоць этнічнасьць ва Ўкраіне адноснае паняцьце, але ўсё роўна гэта павінен быць чалавек, які нарадзіўся ва Ўкраіне і ўсё жыцьцё пражыў ва Ўкраіне. Я прыехаў ва Ўкраіну вельмі юным, але тут я не нарадзіўся, і ўсяго жыцьця не пражыў», — заявіў Саакашвілі ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё.

Пры гэтым Саакашвілі заяўляе, што ва Ўкраіне плянуе займацца палітыкай.

«Як толькі ва Ўкраіне будзе нармальная ўлада, ня будзе ціску на судовую сыстэму, Украіна верне мне грамадзянства. Я буду займацца тут палітычнай дзейнасьцю», — дадаў былы прэзыдэнт Грузіі.

11 сьнежня Пячэрскі суд Кіеву адмовіўся ўжыць у дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі хатні арышт як меру стрыманьня.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што пракуратура будзе падаваць апэляцыю на рашэньне суду.

Ва Ўкраіне Саакашвілі падазраюць у «судзейнічаньні ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойваньні іх злачыннай дзейнасьці». Генпракурор Луцэнка заявіў, што палітык нібыта атрымаў паўмільёна даляраў на фінансаваньне сваёй дзейнасьці ад ўкраінскага бізнэсоўца Сяргея Курчанкі, які хаваецца ў Расеі.

Курчанка заяўляе, што не знаёмы з Саакашвілі.

Міхэіл Саакашвілі адмаўляе ўсе абвінавачаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG