Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША назвалі галоўнае слова 2017 году


Ілюстрацыйнае фота. Марш фэміністак у Кіеве, 8 сакавіка 2017 году

Галоўным словам 2017 году паводле вэрсіі амэрыканскага слоўніка Merriam-Webster стала слова «фэмінізм». Пра гэта паведамляецца на сайце слоўніка.

Адзначана, што слова было адным з найбольш папулярных пошукавых запытаў слоўніка на працягу году.

Усплёск папулярнасьці слова прыпаў на студзень, што зьвязана з папулярнасьцю навінаў пра «Жаночы марш» у Вашынгтоне пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа (і іншых шэсьцяў, якія прайшлі па ўсім ЗША) і наступным абмеркаваньнем таго, ці былі гэтыя маршы фэмінісцкімі. Інтарэс да слова ўзрос і пасьля таго, як Келіэн Конуэй, дарадца Трампа, дала інтэрвію, у якім сказала, што ня лічыць сябе фэміністкай, і ў дадзеным выпадку ўласна вызначэньне фэмінізму стала прадметам цікавасьці многіх людзей.

Таксама колькасьць пошукавых запытаў са словам «фэмінізм» стала расьці ў сувязі зь вялікай колькасьцю навінаў пра выпадкі сэксуальнага гвалту і дамаганьняў, калі многія жанчыны вырашылі падзяліцца сваімі гісторыямі з журналістамі, а таксама акцыі ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #MeToo, дзе многія распавядалі, як пацярпелі ад такіх паводзінаў.

Акрамя таго, на рэйтынг слова паўплывалі фільм «Цуда-жанчына» (Wonder Woman) і тэлесэрыял «Аповед служанкі» (Handmaid’s Tale).

Як гаворыцца на сайце слоўніка, сёньняшняе вызначэньне «фэмінізму» гэта «тэорыя палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай роўнасьці палоў» і «арганізаваная дзейнасьць ад імя правоў і інтарэсаў жанчын».

XS
SM
MD
LG