Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва не баіцца страціць беларускія нафтапрадукты


Порт Клайпэды, ілюстрацыйнае фота

У сувязі з тым, што на мінулым тыдні Беларусь дамовілася накіраваць частку экспарту вырабленых ёй нафтапрадуктаў праз расейскія парты, Літва не баіцца страціць гэтыя грузы.

І кампанія Klaipėdos nafta, якая грузіць беларускія нафтапрадукты ў Клайпэдзкім порце, і Літоўскія чыгункі (Lietuvos geležinkeliai), якія дастаўляюць іх у порт, запэўніваюць, што ў іх падпісаныя доўгатэрміновыя дамовы, і яны ня лічаць, што ў наступным годзе аб’ёмы пагрузак скароціцца, паведамляе delfi.lt.

«Рашэньне беларускай кампаніі адгружаць частку грузаў у расейскіх партах не паўплывае на аб’ёмы пагрузак Klaipėdos nafta», — сьцьвярджае ў дасланым BNS камэнтары прэс-аташэ кампаніі Klaipėdos nafta​ Індрэ Мілінэнэ.

Паводле яе, у Klaipėdos nafta і «Беларускай нафтавай кампаніі» (БНК) падпісаная доўгатэрміновая дамова з абавязковымі аб’ёмамі перавозак нафтапрадуктаў. На перамовах у лістападзе было дамоўлена пра аб’ёмы пагрузак праз Клайпэду на 2018 год, ня меншыя, чым у 2017 годзе.

Па словах Індрэ Мілінэнэ, Беларуская нафтавая кампанія за год перапрацоўвае каля 18-24 мільёнаў тон нафты, аднак канкрэтныя аб’ёмы пагрузак праз Klaipėdos nafta прадпрыемства не называе.

Кампанія Lietuvos geležinkeliai, якая падпісала доўгатэрміновую дамову з БНК у канцы лістапада, таксама лічыць, што беларускіх грузаў у наступным годзе менш ня стане.

«Мы пакуль не адчулі зьменаў. У нас ёсьць дамова пра доўгатэрміновае партнэрства, мы назіраем і аналізуем сытуацыю», — сказаў прэс-аташэ Lietuvos geležinkeliai Мантас Дубаускас. Прадпрыемства не называе канкрэтныя аб’ёмы беларускай прадукцыі, спасылаючыся на камэрцыйную тайну.

Кіраўнік беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка на мінулым тыдні паведаміў, што з Расеяй дамоўлена адправіць празь яе парты ў наступным годзе да 1 мільёна тон нафтапрадуктаў.

Беларусь у год экспартуе 12-13 мільёнаў тон нафтапрадуктаў, аднак не дэталізуе гэтыя аб’ёмы па краінах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG