Форум адбываецца ў Менску на базе экспэртна-дыскусійнай плятформы «Менскі дыялёг» пад эгідай беларускага старшынства ў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятыве. У ім бяруць удзел палітолягі з Заходняй Эўропы, Балканскага рэгіёну, экспэрты беларускіх «фабрык думкі», прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.
Падчас дыскусіі аб дыялёгу Менск-Брусэль намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка заявіў, што для Беларусі канструктыўныя адносіны з Эўразьвязам — неабходная перадумова ўмацаваньня дзяржаўнасьці і бясьпекі. У сваю чаргу, надзейныя і моцныя суседзі — залог стабільнасьці самога Эўразьвязу.
Аналізуючы інтэграцыю як шырокі працэс, які выходзіць за рамкі эўрапейскага рэгіёну, прадстаўнік МЗС заявіў, што на пляцоўцы «Усходняга партнэрства» эўрапейская і эўразійская інтэграцыя шчыльна датыкаюцца і заклікаў да тэхнічнага і экспэртнага дыялёгу паміж ЭЗ і ЭАЭС.
Алег Краўчанка акцэнтаваў увагу на міжнародных ініцыятывах, вылучаных раней Аляксандрам Лукашэнкам — партнэрстве інтэграцый і запуску дыялёгу на тэму эўрапейскай бясьпекі, аналягічнага Хэльсынкскаму працэсу 1970-х.
Гаворачы пра пэрспэктывы перамоваў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам па базавым пагадненьні аб партнэрстве і супрацоўніцтве, Алег Краўчанка сказаў, што краіна не плянуе падпісваць дамову аб асацыяцыі.
«У нас павінен быць такі дакумэнт, як паміж Эўразьвязам і Расеяй. Яго трэба заключыць як мага хутчэй», — заявіў ён.
Паводле прадстаўніка МЗС, Беларусь не плянуе станавіцца чальцом ЭЗ, але зацікаўлена ўдзельнічаць ва «Ўсходнім партнэрстве».
12 сьнежня ў Менску адбудзецца сустрэчай кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы.