Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская прэмія міру ўручана за барацьбу зь ядзернай зброяй


Нарвэгія, Бэатрыс Фін, выканаўчы дырэктар Міжнароднай кампаніі за зьнішчэньне ядзернай зброі (ICAN)

Нобэлеўская прэмія міру за 2017 год афіцыйна ўручана 10 сьнежня Міжнароднай кампаніі за забарону ядзернай зброі на цырымоніі ў сталіцы Нарвэгіі.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай кампаніі за зьнішчэньне ядзернай зброі (ICAN) Бэатрыс Фін прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджаньня ў мэрыі Осла ў суправаджэньні Сэцука Тэрлоў зь Японіі, якая перажыла атамнае бамбаваньне Хірасімы ў 1945 годзе і стала актывістам руху за зьнішчэньне ядзернай зброі.

Абвясьціўшы пераможцу сёлетняй прэстыжнай прэміі ў кастрычніку, нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вітаў працу ICAN па «прыцягненьні ўвагі да катастрафічных гуманітарных наступстваў любога прымяненьня ядзернай зброі» і яго «наватарскія намаганьні ў дасягненьні забароны на такую зброю на аснове дамоваў». Жэнэўская арганізацыя ICAN пачала сваю дзейнасьць у 2007 годзе і налічвае агулам 468 партнэрскіх арганізацый у 101 краіне.

Пазьней, 10 сьнежня, Нобэлеўскія прэміі ў мэдыцыне, фізіцы, хіміі, літаратуры і эканоміцы маюць быць уручаныя ляўрэатам 2017 году на цырымоніі ў сталіцы Швэцыі, Стакгольме.

Кожная прэмія складае 9 мільёнаў швэдзкіх крон (1,1 мільёна даляраў). Цырымоніі ўзнагароджаньня традыцыйна праводзяцца 10 сьнежня, у гадавіну з дня сьмерці швэдзкага прамыслоўца Альфрэда Нобэля, які заснаваў прэмію.

XS
SM
MD
LG