Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Белай Сынагозе ў Сэйнах, мястэчку на польска-літоўскім памежжы, фундацыя «Pogranicze» ладзіць урачыстае адзначэньне 80-годзьдзя літоўскага паэта і літаратуразнаўцы Томаса Венцлавы. На гэтую падзею адгукнуўся беларускі філёзаф і паэт Ігар Бабкоў.

1.

Што яны рабілі зь селядцом, гэтыя літоўцы
Напрамілы божа

Мілаш дрыжаў ад нецярплівасьці
Калі яго бачыў

Пісаў пра гэта ў вершах і прозе
Ня раз і ня два

Часам жартаваў:
Літоўскі селядзец ня даў яму пагаварыць з духамі

Тыя адразу адчувалі
Даўкія пахі
Асьцерагаліся падыходзіць

Віктарас М, мой сябра
Прывозіў раз-пораз гэта ў Менск
У шкляным слоіку

Выкладаў на столік
Наліваў тутэйшай гарэлкі
(На каньяк не было грошай
Тады, у 1985)

І пачынаў шаманіць
З Томаса Стэрнза
Ў пера-перакладзе зь літоўскай:

Мы ходзім вакол кактусаў
Мы ходзім вакол кактусаў
Мы ходзім вакол кактусаў
At five o’ clock in the morning.

2.

У 1985, напрыканцы доўгай ночы ў Менску ўпершыню матэрыялізаваўся і Томас Венцлава: у выглядзе зачытанага ксэракса, зь якім Віктарас М. цягаўся на лекцыі і нават штосьці спрабаваў перакладаць сябрам і знаёмым. Гэта было амаль бясьпечна: літоўскі тэкст пах у тутэйшых прасторах зусім не дысыдэнцтвам, а духмяным літоўскім хлебам, віленскай кавай, і ранішнім дызэлем Менск — Вільня, што выступаў адмысловай машынай часу для беларускай інтэлігенцыі, на якой можна было патрапіць у больш шчасьлівыя стагодзьдзі.

Але за першым ксэраксам пацягнуліся іншыя: кірылічныя. Гарбанеўская і Бродзкі, Гурджыеў і Судзукі, Доктар Жывага і Надзея Мандэльштам. Мы называлі іх падарункамі ад дзядзькі Томаса і не пыталіся пра зваротны адрас.

Тыя ж, каго зваротны адрас сапраўды цікавіў, запытацца не пасьпелі: «паскарэньне» на прасторах савецкай цывілізацыі раптоўна зьмянілася «перабудовай». Гадо такі прыйшоў, з усёй «жахлівай прыгажосьцю» новай эпохі.

3.

У 90-я ў Менску Венцлава прысутнічаў легальна, у складзе трыюмвірату: з Бродзскім і Мілашам. Вяртаньне паэтаў крыху нагадвала вяртаньне багоў зь вядомага Борхесавага сну: радасьць, насьцярожанае прыгляданьне, амаль экстаз. Улюбёным менскім заняткам было шуканьне чацьвертага: хто зь беларускага боку мог бы дапоўніць гэты прыўкрасны гештальт, быць сваім у размове небажыхароў на высьпе паэзіі.

Зрэшты, вакол віраваў вясёлы постмадэрнізм, для якога ўсё, што старэйшае за дзесяцігодзьдзе, выглядала архаікай эпохі мэзазою. Думаю, гэта хтосьці зь іх не ўстрымаўся і выхапіў рэвальвэры. Там, у сьне Борхеса.

4.

У нулявыя здавалася, што мы ўпэўнена разыходзімся. Візы. Мяжа, упершыню за стагодзьдзі. Перакананасьць, што прагрэс непазьбежны, проста таму, што так «працуе гісторыя».

Цяпер канчаткова ясна: гэта была ілюзія.

Ня толькі таму, што вялікая рэгрэсія, Трамп і «я задыхаюся». І не таму, што для новага глябальнага дызайну мы ўсе — маленькі лапік у канцы паўночнай галіны вялікага шаўковага шляху Кітаю.

Тое, што з пэрспэктывы эканомікі і палітыкі здавалася кілямэтрамі, з пэрспэктывы духу, з выспы паэзіі не выглядае так адназначна.

Сёньня я разумею: мы ўсё яшчэ ў адным часе, адной прасторы. У адной эпосе. З Плятонам і Паўлем Цэлянам. Лі Бо і Хафізам. Рыльке і Мандэльштамам.

Гэта час Мілаша і Бродзкага. Васіля Стуса і Зьбігнева Гэрбэрта. Сігатаса Гяды, Алеся Разанава і Вольгі Седаковай.

І, без сумневу, гэта эпоха Венцлавы.

* * *

Томас Венцлава — паэт, якога Бродзкі назваў «сынам трох літаратур»: літоўскай, польскай і расейскай, эсэіст, дасьледнік літаратуры, перакладчык, дысыдэнт. Адзін з заснавальнікаў Літоўскай Хэльсынкскай групы. У 1977 годзе высланы з Савецкага Саюзу. У эміграцыі падтрымліваў блізкія адносіны з Іосіфам Бродзкім і Чэславам Мілашам. Прафэсар славянскіх моваў і літаратур у Ейльскім унівэрсытэце (ЗША).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG