Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, куды трапіць карціна да Вінчы коштам паўмільярда даляраў


Карціна мастака Леанарда да Вінчы «Збаўца сьвету» (Salvator Mundi), прададзеная ў лістападзе за рэкордныя 450 000 000 даляраў, адправіцца ў Люўр Абу-Дабі, што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Інфармацыю пра гэта пацьвердзіў 8 сьнежня ў Нью-Ёрку аўкцыённы дом Christieʼs.

«Christieʼs можа пацьвердзіць, што дэпартамэнт культуры і турызму ў Абу-Дабі атрымлівае „Збаўцу сьвету“ Леанарда да Вінчы. Мы вельмі радыя, што гэтая выдатная карціна будзе даступная для публічнага прагляду ў Люўры Абу-Дабі», — гаворыцца ў заяве.

Раней на Twitter-старонцы Луўра Абу-Дабі зьявілася паведамленьне, што музэй «зь нецярплівасьцю» чакае карціну.

«Збаўца сьвету» быў набыты на аўкцыёне ў лістападзе па тэлефоне. Карціна стала найдаражэйшай з тых, што калі-небудзь выстаўлялі на продаж.

Агенцтва Reuters паведаміла аб наяўнасьці дакумэнту, згодна зь якім упаўнаважаным набыць карціну ад імя дэпартамэнту культуры і турызму Абу-Дабі на суму да 500 000 000 даляраў зьяўляецца саудаўскі прынц Бадэр бін Абдула бін Махамэд бін Фархан Аль Сауд.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG