Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Велізарная лужа ў Досьледным пад Менскам ізалявала садок і будучую школу 


Лужа пасярод вуліцы Цэнтральннай у пасёлку Доследны

Жыхары пасёлку Досьледны Бараўлянскага сельсавету нагадваюць Менскаму райвыканкаму, прадпрыемству «Менскаблдарбуд», упраўленьню ДАІ Менскага аблвыканкаму і галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму лекару Менскай вобласьці пра праблему, якую ня могуць вырашыць ужо больш за дзесяцігодзьдзе.

На пасялковай вуліцы з характэрнай назвай Цэнтральная вось ужо 12 гадоў не высыхае вялізная лужа. Праблема абвастрылася пасьля таго, як летась у лістападзе ў суседняй вёсцы Ляскоўка быў здадзены дзіцячы садок і на прылеглай тэрыторыі распачалося будаўніцтва сярэдняй школы, яе ўзьвядуць у 2018-м.

У лісьце на адрас пералічаных дзяржаўных органаў зьвяртаецца ўвага: сацыяльныя аб’екты апынуліся ў фактычнай ізаляцыі, паколькі да іх адсутнічаюць пад’язныя шляхі. Між тым гэтая норма рэглямэнтавана санітарнымі правіламі.

На цяперашні момант адзіны пад’езд да дзіцячага садку маецца з боку Досьледнага праз усё тую ж Цэнтральную. Аднак на самой справе пешы праход немагчымы з прычыны адсутнасьці адводу паверхневай вады. Гіганцкая лужа займае ўсю дарогу — больш за 120 квадратных мэтраў. Такая экстрэмальная сытуацыя стварае пагрозу ня толькі пешаходам, а і транспартнаму руху.

У сувязі з парушэньнямі і дзеля забесьпячэньня даступнасьці названых аб’ектаў жыхары патрабуюць ад кампэтэнтных асобаў неадкладнага навядзеньня парадку.

Па іх зьвестках, філіял «Менскаблдарбуду» — прадпрыемства «Аблдарпраект» — распрацавала тэхнічнае рашэньне ў справе водаадвядзеньня з вуліцы Цэнтральнай. Аднак пытаньне фінансаваньня будаўнічых работ так і ня вырашана.

Жыхар Досьледнага кладзе драўляны насьціл для пешаходаў
Жыхар Досьледнага кладзе драўляны насьціл для пешаходаў

Не спадзеючыся на разваротлівасьць уладаў, людзі пачынаюць змагацца з праблемай у прыватным парадку. Так, адзін з жыхароў уласнымі сіламі зрабіў насьціл для пешаходаў з аднаго краю лужы. Спачатку было спадзяваньне, што сродкі і рэсурсы на гэта выдаткаваў сельсавет, але яно аказалася марным.

Сумна вядомая лужа нават стала «гераіняй» сюжэту самадзейнага каналу «Бараўляны ТБ» — жыхары пасёлку забаўляюцца тым, што спаборнічаюць, у каго каменьчык падскочыць большую колькасьць разоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG