Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ можа пазбавіцца чэмпіёнства Беларусі празь вяртаньне да «справы Верамко»


Праз справу галкіпэра Верамко БАТЭ можа пазбавіцца чэмпіёнскага тытулу

Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) адклала ўрачыстасьці з нагоды падсумаваньня вынікаў сэзону 2017 году на больш позьні тэрмін. Прычына — аспрэчваньне рашэньня ў так званай «справе Верамко». Такім чынам, чэмпіёнства БАТЭ застаецца пад пытаньнем.

На сайце фэдэрацыі паведамляецца, што афіцыйная цырымонія «Зорны мяч», першапачаткова прызначаная на 9 сьнежня, пераносіцца, дата будзе агучана пазьней.

Як удакладнілі ў асацыяцыі, зацікаўленыя бакі аспрэчаць вэрдыкт выканкаму БФФ, і ў выпадку новага рашэньня гэта можа наўпрост паўплываць на вынікі чэмпіянату краіны.

10 лістапада Апэляцыйны камітэт вярнуў БАТЭ тры ачкі, якіх барысаўскі клюб пазбавілі рашэньнем Дысцыплінарнага камітэту пасьля перамогі над «Слуцкам». БАТЭ быў прызнаны вінаватым у неправамернай заяўцы на гульню запаснога галкіпэра Сяргея Верамко і пакараны грашовым штрафам на 2 тысячы базавых велічынь (46 тысяч рублёў).

6 жніўня, падчас матчу паміж камандамі «Менск» і БАТЭ, Верамко ужыў фызічную сілу да арбітра Віталя Севасьцьяніка. Ён быў дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1150 рублёў). Тэрмін заканчваўся перад сустрэчай БАТЭ са «Слуцкам» 23 верасьня і Верамко быў унесены ў пратакол. Аднак высьветлілася, што штраф ён так і не заплаціў. Гэта і стала нагодай для разбору.

Але неўзабаве Апэляцыйны камітэт апублікаваў матывавальную частку рашэньня, у якой патлумачыў, чаму адменены папярэдні вэрдыкт.

Пасьля гэтага клюбы, якія змагаліся за чэмпіёнства, найперш менскае «Дынама» і салігорскі «Шахтар», ініцыявалі пазачарговае паседжаньне выканкаму футболу з патрабаваньнем неадкладна вярнуцца да скандальнай і прынцыповай справы.

У выпадку, калі БАТЭ зноў пазбавяць 3 ачкоў, на першае месца ў турнірнай табліцы ўздымуцца менскія дынамаўцы, якія пры роўнасьці пунктаў саступілі першую пазыцыю барысаўцам за кошт асабістых сустрэч.

XS
SM
MD
LG