Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША: мы захаваем санкцыі да таго часу, пакуль Расея ня выведзе войскі з Данбасу


Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан
Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Выступаючы на пленарным пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краінаў АБСЭ, дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан падкрэсьліў ролю арганізацыі ў вырашэньні рэгіянальных праблемаў і назваў АБСЭ «незаменнай апорай сыстэмы бясьпекі, якая спрыяе ўмацаваньню міру і стабільнасьці ў Эўропе і Эўразіі». Паводле яго, з усіх выклікаў, зь якімі сутыкаецца сёньня АБСЭ, самым важным і складаным зьяўляецца сытуацыя ва Ўкраіне.

«Злучаныя Штаты захоўваюць прыхільнасьць сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў. Мы заклікаем да поўнай імплемэнтацыі менскіх пагадненьняў. Мы ніколі ня зьмірымся з расейскай акупацыяй Крыму і спробай ягонай анэксіі. Зьвязаныя з Крымам санкцыі застануцца ў сіле, пакуль Расея ня верне поўны кантроль над паўвостравам Ўкраіне», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Што тычыцца ўсходняй Украіны, Рэкс Тылерсан заявіў, што ЗША разам з эўрапейскімі партнэрамі будзе захоўваць санкцыі, пакуль Расея ня выведзе свае войскі з Данбасу і ня выканае свае абавязацельствы па менскіх пагадненьнях, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«У той час, як Украіна прымае меры для выкананьня гэтых пагадненьняў, што павінна працягваць рабіць і надалей, Расея гэтага ня робіць. У 2017 годзе загінула больш мірных жыхароў, чым у 2016. У лістападзе колькасьць парушэньняў перамір’я ў Данецку і Луганску вырасла на 60 адсоткаў. Мы павінны дакладна разумець крыніцу гэтага гвалту: Расея узбройвае і трэніруе антыўрадавыя войскі, кіруе імі і змагаецца разам зь імі. Мы заклікаем Расею і яе марыянэтак спыніць гэтыя парушэньні, запалохваньні і атакі на спэцыяльную маніторынгавую місію АБСЭ».

Тылерсан сказаў, што ЗША шануюць ахвяру, прынесеную амэрыканскім парамэдыкам Джозэфам Стоўнам, які загінуў пры выкананьні сваіх абавязкаў у красавіку, і высока цэняць адвагу і самааддачу назіральнікаў місіі, якія служаць на месцах сёньня.

«Мы заклікаем усіх сябраў АБСЭ выконваць прынцыпы арганізацыі. Мы павінны паважаць права кожнай дзяржавы выбіраць ўласную палітычную будучыню. Там, дзе кепска абароненыя правы чалавека, становіцца яшчэ складаней падтрымліваць стабільнасьць, а дэмакратычны і эканамічны прагрэс тармозіцца, калі не падвяргаецца пагрозе», — падкрэсьліў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG