Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ордэн Зялёнага дуба», мэдаль «За Калядны настрой» — «Крамбамбуля» ўводзіць свае ўзнагароды


Гурт «Крамбамбуля» прадставіў уласныя ўзнагароды, якія можна будзе атрымаць ад музыкаў падчас сьвяточнага канцэрту гурту «Партызаны каляднага лесу», які адбудзецца 21 сьнежня на менскай канцэртнай пляцоўцы Prime Hall.

Намінаваць сябе ці блізкага чалавека на ордэн ці мэдаль можа кожны беларус.

«Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках году за нейкія простыя чалавечыя дасягненьні на асабістым, сямейным ці працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ», — кажа заснавальнік гурту Лявон Вольскі, які таксама зьяўляецца дызайнэрам узнагарод.

Агулам гурт прадставіў пяць узнагародаў: «Ордэн Зялёнага дуба», «Ордэн Дзеда Талаша», «Ордэн Міколкі Паравоза», мэдаль «За Калядны настрой», мэдаль «За нашу і вашу свабоду».

Як іранічна адзначаюць удзельнікі груту, «з 2015 году „Крамбамбуля“ жыве ў лесе. Натуральна, што там бракуе жалеза, таму ўзнагароды выраблены з дрэва».

10 гадоў пад забаронай: Уся храналёгія «Крамбамбулі» ў вялікім інтэрвію Лявона Вольскага

Гурт «Крамбамбуля»
Гурт «Крамбамбуля»

Каб намінаваць сябе ці каго іншага на ўзнагароду «Крамбамбулі», трэба да 17 сьнежня апублікаваць партрэтнае фота кандыдата ў сацсетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter) і разам зь ім пераканаўчую гісторыю дасягненьняў у гэтым годзе, абавязкова дадаўшы хэштэг #krambambula2112, каб можна было адсачыць і сабраць усіх намінантаў.

Пяць пераможцаў вызначаць удзельнікі гурту. Кожны атрымае па два запрашальнікі на канцэрт і будзе ўрачыста ўганараваны першымі ардэнамі і мэдалямі ад гурту на сцэне.

Крамбамбуля — беларускі гурт, заснаваны ў 2002 годзе ў Менску Лявонам Вольскім ды музыкамі гурту Hasta la Fillsta. Гурт выдаў 6 студыйных альбомаў, гітамі сталі іх песьні «Госьці», «Турысты», «Абсэнт» ды іншыя. У 2015 годзе «Крамбамбуля» абвясьціла, што «сыходзіць у лясы»: пасьля шматлікіх забаронаў гурт вырашыў «займацца партызанскай дзейнасьцю», даваць хіба падпольныя канцэрты і выдаваць песьню-дзьве на год. Апошні з 2008 году сольны канцэрт гурту «Крамбамбуля» адбыўся ў чэрвені 2017 году ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG