Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: рашэньне прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю даўно насьпела


Сьцяг Ізраілю ў Ерусаліме

«Я думаю, што гэта даўно насьпела. Многія прэзыдэнты заяўлялі, што хочуць нешта зрабіць, і яны гэтага не зрабілі», — заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на пасяджэньні ўраду напярэдадні сваёй прамовы пра Ізраіль, якая прызначаная на сёньня.

Раней Трамп абвясьціў, што Злучаныя Штаты прызнаюць Ерусалім у якасьці сталіцы Ізраіля і перанясуць сваю амбасаду з Тэль-Авіву ў Іерусалім. Пра гэта Трамп паведаміў падчас тэлефонных размоваў з лідэрамі Ізраілю, Палестынскай аўтаноміі, Саудаўскай Арабіі, Эгіпту і Ярданіі.

Пераезд з прычыны тэхнічных і арганізацыйных праблемаў адбудзецца не раней. чым праз шэсьць месяцаў.

Лідэры арабскіх краінаў рэзка скрытыкавалі рашэньне Дональда Трампа. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Федэрыка Магерыні заявіла, што неабходна ўстрымацца ад любога кроку, які б мог падарваць будучыню мірнага пагадненьня паміж палестынцамі і ізраільцянамі. Францускае міністэрства замежных спраў падкрэсьліла, што статус Ерусаліму павінен быць вызначаны ў выніку ізраільска-палестынскіх перамоваў.

Пераважная большасьць заходніх краінаў не прызнае Ерусалім як сталіцу Ізраілю. Палестынцы настойваюць на тым, што Ўсходні Ерусалім, які ўключае ў сябе стары горад, дзе сканцэнтраваныя рэлігійныя сьвятыні мусульманаў, хрысьціянаў і габрэяў, будзе сталіцай іх дзяржавы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG