Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду: Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе няма амбудсмэна


Міхаіл Пастухоў

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў прапануе ўвесьці ў Беларусі пасаду амбудсмэна. Прэзэнтацыя ініцыятывы адбылася ў Прэс-клюбе ў Менску.

У Швэцыі пасада амбудсмэна зьявілася яшчэ ў 1809 годзе. Пад той ці іншай назвай гэтая пасада існуе больш як у 100 краінах сьвету, у тым ліку ў 48 краінах Эўропы. «Чаму Беларусь застаецца адзінай у Эўропе, дзе няма амбудсмэна? Мы павінны гэтае становішча тэрмінова выправіць», — настойвае вядомы юрыст.

Ці новая ідэя амбудсмэна для Беларусі?

Гэтая ідэя абмяркоўвалася і раней, у тым ліку і сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Міхаіл Пастухоў згадаў праект, які распрацаваў былы старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч. Тры гады таму спадар Васілевіч прапанаваў увесьці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека пры прэзыдэнце, на якую кіраўнік дзяржавы будзе прызначаць пэўнага чалавека. Але Міхаіл Пастухоў з гэтым нязгодны: на яго думку, амбудсмэна павінны абіраць дэпутаты парлямэнту зь ліку вядомых у краіне праваабаронцаў.

Юрыст назваў магчымых кандыдатаў: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Алега Воўчака, Раісу Міхайлоўскую, Тацяну Равяку, Валера Шчукіна, Тамару Сяргей. «Сьпіс можна падоўжыць. Давайце абмяркоўваць кандыдатуры», — кажа спадар Пастухоў.

Паводле Міхаіла Пастухова, амбудсмэна трэба абіраць на 5 гадоў, у яго павінна быць некалькі намесьнікаў, штогод павінна рыхтавацца справаздача пра сытуацыю з правамі чалавека.

«Гэта павінен быць вядомы праваабаронца, не маладзейшы за 40 гадоў, абірацца ён павінен ня больш як на 2 тэрміны. Трэба гэты прынцып — ратацыю — аднаўляць паўсюль», — лічыць Міхаіл Пастухоў.

Увядзеньне інстытуту амбудсмэна трэба праводзіць праз унясеньне адпаведнай папраўкі ў Канстытуцыю і прыняцьце асобнага закону «Аб упаўнаважаным па правах чалавека», мяркуе Міхаіл Пастухоў.

Ці трэба прадаць рэзыдэнцыі Лукашэнкі дзеля пасады амбудсмэна?

Сёньня ж Міхаіл Пастухоў правёў першае абмеркаваньне сваёй прапановы наконт пакрокавага ўвядзеньня пасады амбудсмэна.

Ягоны плян выклікаў дапаўненьні і спрэчкі. Больш за ўсё прапаноў прагучала адносна пэўных галінаў абароны правоў чалавека, якім патрэбны асобны амбудсмэн. Міхаіл Пастухоў не выключае, што спатрэбіцца нават пяць намесьнікаў ці асобных амбудсмэнаў.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валер Шчукін — менавіта за амбудсмэнаў паводле розных галінаў правоў чалавека. Прыкладам, ён за адмысловую пасаду амбудсмэна па правах дзяцей. «Асабліва дзеці ўзросту 8–10 гадоў у нас неабароненыя», — мяркуе праваабаронца.

Алег Воўчак дадаў да гэтага сьпісу амбудсмэнаў па правах пэнсіянэраў і інвалідаў ды па правах зьняволеных.

«Але ўзьнікае пытаньне, дзе браць грошы на фінансаваньне дзейнасьці амбудсмэнаў, тым больш калі іх будзе некалькі. Нагадаю: у краіне каля 15 рэзыдэнцый прэзыдэнта. Іх трэба нацыяналізаваць ды прадаць», — прапанаваў праваабаронца, і гэтая прапанова пярэчаньняў ня выклікала.

Тым часам грамадзкая актывістка Валянціна Сьвяцкая мяркуе, што амбудсмэн павінен быць адзін — «аўтарытэтны і вядомы ў грамадзтве чалавек, які будзе ўвасабляць гонар нацыі».

І скасаваць пасаду прэзыдэнта. 6 парадаў юрыста Пастухова, як вярнуць Беларусь да дэмакратыі

Канец спрэчкам пра колькасьць амбудсмэнаў ці ягоных намесьнікаў паклала праваабаронца Тацяна Зялко.

«Спачатку трэба стварыць грамадзкі камітэт, які будзе весьці працу па „прасоўваньні“ ідэі стварэньня амбудсмэна, сустракацца з дэпутатамі і чыноўнікамі. Бяз гэтай напружанай працы ніякія ініцыятывы не дадуць плёну», — мяркуе актывістка.

Запярэчылі Тацяне Зялко толькі адносна назвы. Чаму камітэт? Можа — асацыяцыя? Ініцыятыва? Канчатковы варыянт яшчэ ня знойдзены.

Хіба чыноўнкі будуць слухаць амбудсмэна? Ніколі

Былая дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова таксама пачала спрэчку зь Міхаілам Пастуховым.

Яна мяркуе, што будоўлю «дзяржаўнага дому» правоў чалавека ў Беларусі, якому сапраўды патрэбны інстытут амбудсмэна, трэба пачынаць «ня з даху, а з фундамэнту» — з разьдзяржаўленьня эканомікі Беларусі, прыватызацыі і сапраўдных вольных выбараў.

«Ну, будзе ў нас амбудсмэн — і што? Уся ўлада ў краіне належыць чыноўнікам і дырэктарам дзяржаўных заводаў. Хіба яны будуць слухаць амбудсмэна? Ніколі», — мяркуе Людміла Гразнова.

Праваабаронца Павал Левінаў не пагадзіўся з калегам.

«Чаму мы павінны чакаць, калі нам увядуць рынкавую эканоміку? Мы можам пачаць з абраньня грамадзкага амбудсмэна», — лічыць спадар Левінаў.

На ягоную думку, дзейнасьць і аўтарытэт грамадзкага амбудсмэна можа падштурхнуць працэс стварэньня гэтага інстытуту і на дзяржаўным узроўні.

Цягам 2018 году Міхаіл Пастухоў прапануе абмеркаваць ягоны праект увядзеньня ў Беларусі інстытуту амбудсмэна ў праваабарончых структурах і грамадзкіх арганізацыях, у тым ліку ў рэгіёнах краіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG