Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Associated Press: лекары выявілі зьмены ў мозгу ахвяраў «акустычных нападаў»


Амбасада ЗША ў Гаване
Амбасада ЗША ў Гаване

Лекары выявілі анамаліі ў працы галаўнога мозгу амэрыканскіх дыпляматаў, якія сталі ахвярамі магчымых «акустычных нападаў» у амбасадзе ЗША на Кубе. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Паводле агенцтва, дыпляматы і чальцы іх семʼяў скардзіліся на праблемы са слыхам, зрокам, памяцьцю і раўнавагаю. Дасьледаваньні выявілі ва ўсіх пацыентаў зьмены ў белым рэчыве, якое, у прыватнасьці, зьвязвае разам працу абодвух паўшарʼяў галаўнога мозгу.

Associated Press адзначае, што сьледзтва імкнецца не ўжываць тэрмін «акустычная атака». Сьледчыя не выключаюць, што гукі могуць быць пабочным эфэктам чагосьці больш сурʼёзнага, што выклікала праблемы са здароўем у работнікаў амэрыканскай дыпмісіі ў Гаване.

Упершыню пра «акустычныя атакі» на Кубе СМІ паведамілі ў жніўні гэтага году. Паведамлялася, што празь іх прынамсі дваццаць амэрыканскіх дыпляматаў на Кубе мелі праблемы са здароўем. Сярод сымптомаў — страта слыху, галавакружэньне, шум у вушах і галаўны боль. Пасьля гэтага амбасада ЗША ў Гаване прыпыніла звычайную працэдуру выдачы візаў. Дзярждэпартамэнт выслаў са Злучаных Штатаў 15 кубінскіх дыпляматаў.

Увосень агенцтва Associated Press апублікавала запіс меркаванай атакі. На думку экспэртаў, на запісе чутныя больш за 20 розных гукавых частотаў. У дзярждэпартамэнце ЗША тады адмовіліся камэнтаваць сапраўднасьць запісу. Пры гэтым некалькі супрацоўнікаў амбасады пацьвердзілі агенцтву, што гукі на аўдыёзапісе падобныя на тыя, што яны чулі ў дыпмісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG