Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША маюць намер прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраіля


Злучаныя Штаты прызнаюць Ерусалім у якасьці сталіцы Ізраіля і перанясуць сваё пасольства з Тэль-Авіва ў Ерусалім, паведаміў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефонных размоў зь лідэрамі Ізраіля, палестынскай аўтаноміі, Саудаўскай Арабіі, Эгіпта і Ярданіі.

Чакаецца, што 6 сьнежня Трамп зробіць адпаведную афіцыйную заяву.

Прадстаўнікі Белага дома паведамілі ўвечары 5 сьнежня, што Трамп прызнае, што Ерусалім зьяўляецца ня толькі гістарычнай сталіцай габрэйскага народа, але і месцам знаходжаньня ізраільскага ўрада з часоў заснаваньня сучаснай дзяржавы Ізраіль у 1948 годзе. Па словах чыноўнікаў, прэзыдэнт даручыць Дзярждэпартамэнту пачаць складаць пляны пераносу амбасады ЗША з Тэль-Авіва.

Лідэры арабскіх краін жорстка раскрытыкавалі рашэньне Дональда Трампа. Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па замежных справах Фэдэрыка Магерыні заявіла, што неабходна ўстрымацца ад любога кроку, які б мог падарваць будучыню мірнага пагадненьня паміж палестынцамі і ізраільцянам. Францускае міністэрства замежных спраў падкрэсьліла, што статус Ерусаліма павінен быць вызначаны ў выніку ізраільска-палестынскіх перамоваў.

Пераезд амэрыканскай амбасады ў Ерусалім і прызнаньне горада ў якасьці сталіцы Ізраіля будуць супярэчыць міжнароднаму кансэнсусу. Пераважная большасьць заходніх сталіцаў прызнае Ерусалім як сталіцу Ізраіля. Палестынцы настойваюць на тым, што Ўсходні Ерусалім, які ўключае ў сябе Стары горад, дзе сканцэнтраваны рэлігійныя сьвятыні мусульман, хрысьціян і габрэяў, будзе сталіцай іх дзяржавы.

XS
SM
MD
LG