Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мастак Лявон Тарасэвіч стаў ляўрэатам прэміі імя Гедройця газэты «Rzeczpospolita»


Лявон Тарасэвіч

Газэта прысудзіла дзьве роўныя прэміі: Лявону Тарасэвічу і Анджэю Суліме-Каміньскаму. Лявон Тарасэвіч — польскі мастак беларускага паходжаньня, прафэсар выяўленчага мастацтва, які жыве ў Польшчы; Анджэй Суліма-Каміньскі — польскі гісторык, прафэсар Каталіцкага ўнівэрсытэту Джарджтаўн у Вашынгтоне.

«​Лявон Тарасэвіч на працягу многіх гадоў спрыяе ўмацаваньню ўзаемаразуменьня паміж Польшчай і Беларусьсю. Тарасэвіч узнагароджаны «За нястомную працу ў імя агульнага дабра, шанаваньня памяці пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, за вялікі ўклад у прасоўваньне Польшчы ў сьвеце як краіны многіх народаў, культур і рэлігіяў», — сказала сакратар журы Ганна Ваўроўска.

Анджэй Суліма-Каміньскі, які «пашырае ў сьвеце веды пра шматнацыянальную супольнасьць, якой была і Рэч Паспалітая», атрымаў прыз «За шырыню і эфэктыўнасьць зрэалізаванага ў духу Гедройця праекту «Аднаўленьне забытай гісторыі».

Лявон Тарасэвіч, народжаны ў 1957 годзе ў Валілах каля Гарадка на Беласточчыне, належыць да найбольш вядомых мастакоў у Польшчы. Ён вучыўся ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў, удзельнічаў у шэрагу выставаў у Польшчы й за мяжой. Прадстаўляў Польшчу на 49-ым Біенале мастацтва ў Вэнэцыі.

У сваёй творчасьці мастак часта выкарыстоўвае публічную прастору, ствараючы мастацкія інсталяцыі вялікіх памераў. Свае працы Тарасэвіч ствараў на плошчы ў Барсэлёне, у падземных паркінгах у Міляне й варшаўскай галерэі «Zachęta». Адзін з заснавальнікаў штогадовага беларускага фэстывалю «Басовішча».

Мастак Лявон Тарасэвіч паставіў драўляную сямімэтровую вежу ў польскіх Катавіцах

Прыз імя Ежы Гедройця рэдакцыя газэты «Rzeczpospolita» заснавала ў 2011 годзе, у першыя ўгодкі сьмерці рэдактара і палітыка, стваральніка польскамоўнага часопісу «Культура» і выдавецтва «Літаратурны інстытут» у Парыжы. Узнагароду прысуджаюць асобам альбо ўстановам, якія ў сваёй дзейнасьці кіруюцца прынцыпамі Гедройця, што выяўляюцца ў «самаадданым клопаце пра дзяржаўныя справы, ўмацаваньні пазыцыі Польшчы ў Эўропе і разьвіцьці добрых адносінаў з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы», нагадвае «Rzeczpospolita».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG