Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: пры авіяўдары расейскай авіяцыі ў Сырыі загінулі 27 чалавек


Авіяўдар па Ўсходняй Гуце 3 сьнежня 2017 году

Ня менш за 27 чалавек загінулі, дзясяткі пацярпелі пры авіяўдары расейскай авіяцыі і сырыйскіх урадавых войскаў у Сырыі 3 сьнежня.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на мясцовых жыхароў і Сырыйскі цэнтар маніторынгу правоў чалавека.

Агенцтва адзначае, што 17 чалавек загінулі ў выніку паветранага ўдару па жыльлёвым квартале і рынку ва Ўсходняй Гуце ў Сырыі. Яшчэ чацьвёра чалавек загінулі ў горадзе Арбін.

Усяго, паводле Reuters, на працягу сутак па Ўсходняй Гуце было нанесена каля 30 авіяўдараў. Суразмоўцы агенцтва паведамілі, што авіяцыя б’е «прыцэльна па мірных грамадзянах».

Паводле зьвестак ААН, у рэгіёне Ўсходняй Гуты знаходзяцца каля 400 тысяч цывільных асобаў. Большасьць зь іх маюць патрэбу ў гуманітарнай і мэдычнай дапамозе.

Усходняя Гута зьяўляецца адной з так званых зонаў дээскаляцыі ваеннага канфлікту ў Сырыі. Аднак там працягваюцца ваенныя дзеяньні. Гарантам функцыянаваньня зоны дээскаляцыі выступаюць Расея, Іран і Турцыя.

Ад 2014 году барацьбу з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі вядзе міжнародная кааліцыя на чале з ЗША. Кааліцыя падтрымлівае сілы сырыйскай дэмакратычнай апазыцыі. Расейская ваенная кампанія ў Сырыі пачалася 30 верасьня 2015 году. Кааліцыя і праваабаронцы неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў падтрымцы рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, якога краіны Захаду абвінавачваюць у масавых парушэньнях правоў чалавека.

XS
SM
MD
LG