Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі і ФБР ЗША затрымалі беларуса, інтэграванага ў кібэрзлачынную групоўку 


Выклікі кібэрзлачыннасьці, ілюстрацыйнае фота
Выклікі кібэрзлачыннасьці, ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт і ўпраўленьне «К» Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з Фэдэральным бюро расьследаваньня ЗША спынілі дзейнасьць міжнароднай кібэрзлачыннай групоўкі па стварэньні і распаўсюдзе «шкоднага праграмнага забесьпячэння».

Як паведамляе Сьледчы камітэт, супрацоўнікі Ўпраўленьня расьсьледаваньня злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі МУС Беларусі атрымалі зьвесткі пра тое, што адным з удзельнікаў кібэрзлачыннай сеткі быў грамадзянін Беларусі. Ён зьяўляўся адміністратарам форумаў, на якіх абмяркоўваліся пытаньні супрацьпраўных захадаў у сфэры высокіх тэхналёгій.

Асобу ідэнтыфікавалі, ім аказаўся 34-гадовы жыхар Гомельскай вобласьці. Супрацоўнікі ФБР ЗША ажыцьцявілі закуп у беларуса праграмнага забесьпячэньня. Зыходны код праграмы быў правераны адмыслоўцамі ў галіне інфармацыйнай бясьпекі, якія далі заключэньне аб яго шкоднасьці. Гэта «траян» для загрузкі іншага шкоднага праграмнага забесьпячэньня, які дазваляе фіксаваць розныя дзеяньні карыстальніка, зьбіраць зьвесткі з наведаных ім вэб-сайтаў, атрымліваць захаваныя лагіны і паролі і выкарыстоўваць іх для доступу да акаўнтаў, дыстанцыйна ажыцьцяўляць DDoS-атакі.

Падчас сьледзтва выяўлена, што мужчына дапамагаў інтэрнэт-суразмоўцам набываць і абнаўляць шкодныя праграмы, а таксама аказваў паслугі тэхпадтрымкі.

За кожную ўгоду гамяльчук атрымліваў 500 даляраў, за кожнае абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня — 10 даляраў. Сьледчыя высьвятляюць колькасьць эпізодаў і атрыманы прыбытак ад такой дзейнасьці.

Увосень 2016 году карпарацыя Microsoft паведаміла: штомесяц згаданым праграмным забесьпячэньнем заражалася да 4 мільёнаў кампутараў ва ўсім сьвеце.

Сёлета ў лістападзе была праведзеная глябальная міжнародная апэрацыя, у часе якой выяўленыя прадаўцы, уладальнікі сэрвэраў і асобы, якія выкарыстоўвалі гэтую праграму.

Пачаткам апэрацыі паслужыла затрыманьне жыхара Гомля. Міністэрствам ўнутраных спраў Беларусі атрыманыя прамыя доказы ўчыненьня злачынстваў зь яго боку.

Дзеяньні затрыманага кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 354 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Яму прад’яўленае абвінавачваньне і ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG