Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марачкін пакажа «Час д’ябла» і творы з прыватнай калекцыі — Драздовіча, вучняў Кандзінскага і Малевіча


Аляксей Марачкін (архіўнае фота)

7 сьнежня ў менскім Палацы мастацтва адбудзецца прэзэнтацыя выставы «Збор-1» аднаго з заснавальнікаў мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна.

Як расказаў Свабодзе сам мастак, будуць выстаўленыя ягоныя жывапісныя работы, датаваныя другой паловай ХХ і пачаткам ХХІ стагодзьдзя, а таксама карціны самабытных творцаў, колішніх студэнтаў Аляксея Марачкіна.

«Работ ня дужа шмат, але паглядзець ёсьць на што, — гаворыць суразмоўца. — З новых маіх твораў, як я лічу, самым прыкметным будзе „Час д’ябла“. Карціна прысьвечана сталінскаму тэрору, трагедыі ў Курапатах. Фактычна адбудзецца яе прэм’ера.

Я неяк быў за мяжой і расказваў, што ў Беларусі мае творы часьцяком здымаюць з выставаў, цэнзуру не праходзяць. На што калега з усьмешкай адказаў, што хацеў бы, каб хоць раз гэта здарылася зь ім. Нават гатовы быў заплаціць, бо гэта выдатная рэкляма. Ну гэта жарт, зразумела, я на такое ня здольны».

Афіша выставы
Афіша выставы

Наведнікам выставы будзе прапанавана багатая калекцыя ўзораў мастацтва, сабраная сям’ёй Марачкіных за апошнія гады. Гэта і палотны Язэпа Драздовіча, і творы Генрыха Ноя, вучня Васіля Кандзінскага, і Міколы Пашкевіча, якім апекаваўся Казімір Малевіч.

«Мастак трывала адчувае сябе толькі на падмурку мінуўшчыны свайго народу, — адзначае пра выставу Марачкіна мастацтвазнаўца Натальля Барсукова. — Бо якая б ні была трагічная і драматычная гісторыя, яна застаецца духоўным стрыжнем творчага аптымізму і дае вялікі імпульс у рэалізацыі задумаў. Мастак адчувае пульс сёньняшняга часу. А гэты час насычаны ня толькі гармоніяй і прыгажосьцю, але і дысгармоніяй існаваньня чалавека ў сацыяльным і палітычным жыцьці».

Аляксей Марачкін кажа, што імпрэза «асьвячоная» трыма магічнымі сямёркамі — 77-годзьдзем самога мастака і пачаткам працы выставы 7 сьнежня.

Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Саюзу мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня», сябра аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1989 годзе адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG