Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік Салігорскага райвыканкаму назваў сваю крымінальную справу сфальшаванай


Аляксандар Рымашэўскі

Былы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі, якога судзяць у Менскім абласным судзе паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве, выступіў з апошнім словам.

У апошнім слове Аляксандар Рымашэўскі назваў сваю справу сфальшаванай. Паводле Рымашэўскага, прызнаньне ў атрыманьні хабару ў 2700 даляраў, якое ён зрабіў адразу пасьля арышту 30 траўня, было зроблена пад псыхалягічным ціскам і ў вельмі дрэнным фізычным стане.

«У мяне быў ціск за 200, выклікалі „хуткую дапамогу“», — згадаў падсудны.

Аляксандар Рымашэўскі нагадаў, што пачаў працоўную дзейнасьць са старшых клясаў памочнікам камбайнэра і ўсё жыцьцё працаваў старанна і добрасумленна, у тым ліку на пасадзе старшыні райвыканкаму.

Паводле Рымашэўскага, пра гэта сьведчаць кіраўнікі гаспадарак раёну, якія зьвярнуліся зь лістом у ягоную падтрымку.

Прысуд Аляксандру Рымашэўскаму суд абвесьціць сёньня а 17-й гадзіне.

Адвакат Рымашэўскага Дзьмітры Гарачка пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне суду абвясьціць вырак у той жа дзень, як прагучала апошняе слова падсуднага:

Адвакат Дзьмітры Гарачка
Адвакат Дзьмітры Гарачка

«Сутыкаюся з такім упершыню. Законам не агавораны час, за які суд мусіць прымаць канчатковае рашэньне ў справе, але, улічваючы даволі вялікі аб’ём справы і яе рэзананс, думалася, што суд возьме большую паўзу паміж апошнім словам і прысудам».

Экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму Рымашэўскаму інкрымінуюць атрыманьне 16900 тысяч даляраў хабару. Пракурор патрабуе для яго 9 гадоў зьняволеньня.

XS
SM
MD
LG