Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж двума юбілеямі: як адрозьніць гістарычны катаклізм ад знакавай даты


Аргкамітэт у справе сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі выступіў з заявай наконт важнасьці іншай гістарычнай падзеі — Першага Ўсебеларускага зьезду, які стаў прыступкай да абвяшчэньня незалежнасьці ў сакавіку 1918-га.

«На завяршэньні 2017 год, аднак шмат хто, паддаўшыся афіцыйнай прапагандзе, з патасам сьвяткуе 100-гадовы юбілей перавароту ў Петраградзе — гістарычны катаклізм, які адкінуў Эўропу да ўзроўню фэадальнай дэспатыі, — адзначаецца ў звароце. — Хто сьвяткуе і колькі іх? Арганізатары масавага тэрору і сучасныя пасьлядоўнікі, цьвердалобыя прыхільнікі „цьвёрдай рукі“? Несумненна. Але і бяспамятныя недарэкі — дзеці, унукі, праўнукі ахвяраў бесчалавечнай сыстэмы. Камуністычна-гэбісцкі рэжым дзесяцігодзьдзямі трымаўся на сіле і страху, рэпрэсіях і генацыдзе. Вынікам сталі мільёны бязьвінна забітых і закатаваных, у тым ліку і на нашай зямлі».

У заяве, падпісанай ганаровым старшынём аргкамітэту Радзімам Гарэцкім і дзейным кіраўніком Міколам Купавам гаворыцца, што калі што і варта сьвяткаваць, дык гэта 100-гадовы юбілей Усебеларускага зьезду, якому цягам усяго сьнежня будуць прысьвечаныя прынагодныя імпрэзы. Вынікі падсумуюць 16 сьнежня падчас круглага стала ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны «Сапраўдныя крокі да незалежнасьці. Першы Ўсебеларускі зьезд».

Мяркуецца, што ўдзел у навуковай дыскусіі возьмуць гісторыкі Валянцін Мазец, Анатоль Сідарэвіч, Ніна Стужынская, Алег Трусаў, Станіслаў Рудовіч ды іншыя.

«1917 год у нашай айчыннай гісторыі адметны сапраўднымі гістарычнымі падзеямі, творцамі і героямі якіх былі найлепшыя прадстаўнікі нашага народу, — падсумоўваюць падпісанты звароту. — У сьнежні 1917 году ў Менску прайшоў Першы Ўсебеларускі зьезд. Ён аб’яднаў усе палітычныя партыі, грамадзкія і культурныя нацыянальныя арганізацыі і іншыя суполкі, якія прадстаўлялі ўвесь наш край — ад Смаленску да Беластоку, ад Вільні да Гомля. Гэта быў першы і самы значны крок у працэсе аднаўленьня дзяржаўнасьці краіны, які прывёў да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году».

Першы Ўсебеларускі зьезд быў скліканы Вялікай беларускай радай і цягам 5–17 сьнежня 1917 году працаваў у Менскім гарадзкім тэатры. На яго сабраліся блізу 2 тысяч дэлегатаў — беларускія палітычныя дзеячы з усіх губэрняў.

Старшынёй быў абраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Янка Серада, будучы першы старшыня Рады БНР.

Зьезд абвясьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама на дэмакратычны ўрад. 17 сьнежня будынак, у якім праходзіў кангрэс, быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, дэлегатаў разагналі.

Рада і Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасьць у падпольлі. Пазьней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лукашэнка прызнаў важнасьць зьезду, які прывёў да абвяшчэньня БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG