Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі жывуць 140 нацыянальнасьцяў: справаздача Камітэту па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі


У Беларусі пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасьцяў. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году 83,7 адсотка жыхароў краіны — беларусы, 13,9 адсотка насельніцтва складаюць іншыя нацыянальнасьці, зь іх: 8,3 адсотка — расейцы, 3,1 адсотка — палякі, 1,7 адсотка — украінцы, 0, 1 адсотка — габрэі.

Пры гэтым колькасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў складае каля 70 тысяч чалавек, у тым ліку 7079 чалавек належаць да нацыянальнасьці «цыганы». Не пазначылі сваю нацыянальнасьць 2,4 адсоткі жыхароў краіны.

Такія лічбы прыводзяцца ў пэрыядычным дакладзе Беларусі, які 1 сьнежня быў прадстаўлены ў Жэнэве ў ходзе 94-й сэсіі Камітэту па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі.

У дакладзе падкрэсьліваецца, што ўсім грамадзянам Беларусі, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасьцяў, гарантуюцца роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы і свабоды, а таксама спыняюцца «любыя праявы расізму, расавай дыскрымінацыі, ксэнафобіі і зьвязанай зь імі нецярпімасьці». Беларусь «пасьлядоўна праводзіць у жыцьцё палітыку, накіраваную на свабоднае разьвіцьцё культур, моваў, традыцыяў усіх нацыянальных супольнасьцяў».

У краіне зарэгістравана 112 арганізацыяў грамадзян, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасьцяў, яны аб’ядноўваюць грамадзян 27 нацыянальнасьцяў.

Таксама ў Беларусі зарэгістраваныя 3510 рэлігійных арганізацыяў 26 канфэсіяў і рэлігійных напрамкаў.

У дакумэнце паведамляецца аб тым, што ў Беларусі створаныя спрыяльныя ўмовы для пражываньня іншаземцаў, і іх колькасьць павялічваецца. Так, у 2015 годзе іх было амаль 176 тысяч — на 30 тысяч больш, чым у 2012 годзе.

926 замежнікаў атрымалі статус уцекача

За ўвесь пэрыяд рэалізацыі ў Беларусі заканадаўства ў галіне вымушанай міграцыі (з 1997 па 2015 гады) ў кампэтэнтныя органы з хадайніцтвамі аб прадстаўленьні статусу уцекача зьвярнуліся больш за 6 тысяч замежнікаў з 60 краінаў сьвету.

На 1 студзеня 2016 году статус уцекача дадзены 926 замежнікам з 19 дзяржаваў (Аўганістан — 627 чалавек, Грузія — 136, Сырыя — 35, Таджыкістан — 32, Азэрбайджан — 30, Эфіёпія — 23, Палестына — 10, Іран −12, Пакістан — 5, Армэнія — 4, Ірак — 3, Індыя — 2, Камэрун, Лібэрыя, Ліван, Лівія, Руанда, Самалі, Украіна — па 1 чалавеку).

1231 іншаземцу прадстаўлена дадатковая абарона (Украіна — 1090 чалавек, Сырыя — 102, Емэн — 13, Ірак і Лібія — па 8, Эгіпет — 6, Аўганістан — 2, Іран і Ліван — па 1 чалавеку).

У цяперашні час 168 замежнікаў зь ліку прызнаных уцекачамі атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Аўтары дакладу таксама падкрэсьліваюць, што ў Беларусі існуе «цэласная» сыстэма прававой і сацыяльнай абароны асобаў, якія шукаюць прытулак. Любы іншаземец можа папрасіць абароны як пры перасячэньні мяжы, так і знаходзячыся на тэрыторыі краіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG