Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэязнаўца Ніна Шпітальнікава: «Парадаксальна, але жыцьцё ў КНДР у нечым прасьцейшае, чым у Эўропе»


Ніна Шпітальнікава, карэязнаўца, спэцыяліст па Паўночнай Карэі
Ніна Шпітальнікава, карэязнаўца, спэцыяліст па Паўночнай Карэі

Карэязнаўца Ніна Шпітальнікава разважае пра тое, як далёка можа зайсьці амэрыканска-паўночнакарэйскі канфлікт і дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад КНДР, дзе двойчы стажыравалася ў Пхэньянскім унівэрсытэце імя Кім Ір Сэна. Толькі што ў Чэхіі выйшла яе кніга «Паміж двума Кімамі: на навучаньні ў КНДР».

КНДР-ЗША: паўночнакарэйская мова з абодвух бакоў

— Наколькі верагодна, што слоўная перастрэлка паміж ЗША і Паўночнай Карэяй можа пераўтварыцца ў рэальны ўзброены канфлікт? — падобныя пытаньні Ніне Шпітальнікавай апошнім часам задаюць, бадай, найчасьцей. З гэтага пачынаем нашу гутарку і мы.

— Я думаю, можна чакаць абвастрэньня канфлікту паміж ЗША і КНДР. З аднаго боку, паўночнакарэйцы, праўдападобна, ня спыняць сваіх выпрабаваньняў, пакуль ня змогуць разгарнуць міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты. Зь іншага боку, маем прэзыдэнта ЗША Трампа, які пачаў ужываць тую ж рыторыку, якую паўночнакарэйцы ўжывалі апошнія 70 гадоў. Іншымі словамі, ужываецца не дыпляматычная мова, а, я б сказала, паўночнакарэйская, з абодвух бакоў.

Але, на маю думку, верагоднасьць таго, што ЗША ўжывуць збройную сілу ў дачыненьні да КНДР, вельмі малая, хаця Дональд Трамп і няспынна гэтым пагражае. Але ў рэальнасьці гэта, хутчэй за ўсё, будзе азначаць больш жорсткія санкцыі ў дачыненьні да КНДР. Гэта будзе тычыцца большай колькасьці гандлёвых эмбарга і абмежаваньня доступу да замежнай валюты. Наўрад ці Расея скарыстаецца правам вэта, а таксама ня будзем забывацца, што Кітай, як ніколі раней, абазначыў сваю крытычную пазыцыю ў дачыненьні да паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.

Стэрэатыпы

Ніна Шпітальнікава — 30-гадовая субтыльная бляндынка зусім не акадэмічнага выгляду. Тым ня менш, гэта аўтарытэтная ў Чэхіі карэязнаўца, якая двойчы па некалькі месяцаў праходзіла стажыроўку ў Паўночнай Карэі — за ўладай і Кім Чэн Іра, і Кім Чэн Ына, і можа сьцьвярджаць, што разумее псыхалёгію тамтэйшага насельніцтва. Яна выдала ўжо дзьве кнігі: «Прапаганда ў КНДР: функцыі, мэтады і разьвіцьцё» і «Паміж двума Кімамі: на навучаньні ў КНДР». Другая кніга — свайго роду дзёньнік яе навучаньня ў Пхэньяне — імгненна стала бэстсэлерам. Якія стэрэатыпы наконт Паўночнай Карэі разьвеяліся пасьля некалькіх месяцаў жыцьця там, а якія пацьвердзіліся, — пытаюся ў Ніны.

— Гэтых стэрэатыпаў было надзвычай шмат, — усьміхаецца яна. — Напрыклад, мне расказвалі, што там ня езьдзяць машыны, паўсюль пустынныя вуліцы, а насамрэч мы не маглі нават перайсьці дарогу з-за аўтамабільнага руху. Сьветлафораў для пешаходаў няма, на вуліцах натоўпы людзей — гэта зусім ня «горад прывідаў», як яго часам называюць. Але некаторыя стэрэатыпы падмацаваліся, ды яшчэ як! Прыкладам, калі нас затрымалі і мы прайшлі праз паўночнакарэйскі допыт — пацьвердзілася найгоршае, што я чытала пра гэты рэжым: татальны кантроль, цэнзура, нецярпімасьць.

Як верш Вялікага Правадыра ўратаваў ад турмы

Затрыманьне паўночнакарэйскай паліцыяй прымусіла Ніну перажыць сапраўдны шок. Правіна была сур’ёзнай: яны з аднакурсьніцай зьвярнулі з галоўнай вуліцы, па якой было дазволена хадзіць замежнікам. «Мне ў галаву не прыходзіла, што нас, хто цалкам легальна, на запрашэньне Міністэрства адукацыі, знаходзяцца ў Пхэньяне, могуць арыштаваць, ды яшчэ за такую драбязу», — прызнаецца яна. Але шок перажылі і прадстаўнікі паліцыі. Ня толькі ад таго, што татуяваная славянка вольна гаварыла па-карэйску, але перадусім таму, што на каманду: «Вы затрыманыя, сьледуйце за намі!» — пасьля якой у Паўночнай Карэі паліцэйскі можа нават не абарочвацца, ведаючы, што арыштаваны ідзе за ім, не было рэакцыі. То бок, была адваротная. Жанчыны, бурна пратэстуючы, накіраваліся да свайго інтэрнату, дзе спадзяваліся на выклік амбасадара. «Паліцэйскія ня мелі права да нас, замежніцаў, дакрануцца і проста ішлі за намі», — расказвае Ніна. У нейкі момант, ад стрэсу, блізкага да гістэрыкі, ёй прыйшло ў галаву на доказ ляяльнасьці ўголас пачаць чытаць вершы Кім Чэн Іра. Так і ішлі: бляндынка, якая на ўсю вуліцу па-карэйску славіла вялікага правадыра, і шакаваныя паліцэйскія.

— Гэты верш пра тое, як калі Кім Чэн Ір быў маленькім, мусіў часта заставацца адзін, бо бацька ня мог надаваць яму шмат увагі, таму што клапаціўся пра цэлы народ. Я ўвогуле ня ведаю, як мне прыйшла ў галаву гэтая ідэя: паліцыя адмовілася інфармаваць нашу амбасаду, заявілі, што за намі ўжо выехала машына, якая адвязе ў пастарунак, адкуль, як я разумела, пра нас маглі ўвогуле не сказаць нікому. Я, вядома не ганаруся сабой у той сытуацыі, але мне важна было дабрацца да інтэрнату, і я ішла, выкрыкваючы карэйскія вершы, а вакол нас зьбіраўся натоўп людзей.

— Як шкада, што няма відэазапісу! — уявіўшы гэтую карціну, пачынаю рагатаць я.

— А як я рада, што няма таго відэа! — таксама сьмяецца Ніна. — Але сытуацыя была трагікамічнай. Мы праходзілі паўз парк, дзе з выгляду карэйскія дзядкі гралі ў «падук» — гэта такая нацыянальная гульня ў фішкі — і раптам гэтыя «дзядкі» паўскоквалі і апынуліся прадстаўнікамі тайнай паліцыі: то бок, гэта ясна дало мне зразумець, наколькі ўсё паўсюдна пранізана сачэньнем, і калі вы праходзіце сярод звычайных людзей, цалкам магчыма, што гэта прадстаўнікі тайнай паліцыі.

У інтэрнаце чэшак дапыталі, неўзабаве прыехаў прадстаўнік амбасады.

— Пасьля гэтага стаўленьне паліцыі да нас цалкам зьмянілася. А да гэтага яны размаўлялі з намі неверагодна груба, я не магла паверыць, што паліцыя можа сябе так паводзіць, — у Ніны, калі яна пра гэта кажа, на твары зноў недавер.

— Вы бывалі калі-небудзь у Беларусі? — не ўтрымліваюся я.

— Не, але хацела б, — Ніна ажыўляецца. — А яшчэ мару пабываць у Расеі, у Санкт-Пецярбургу, бо люблю Пушкіна, Лермантава...

Матэматыка з вылюдкамі

Індактрынацыя паўночнакарэйцаў пачынаецца ад пялюшак. Дзеці яшчэ ў садку вывучаюць біяграфіі вялікіх правадыроў, атрымліваюць веды пра жыцьцё пры японскай акупацыі і карэйскую вайну. Пазыцыю ворага нумар адзін для КНДР дзеляць паміж сабой ЗША і Японія. Яшчэ ў дашкольным веку развучваецца рэвалюцыйная песьня «Застрэль амэрыканскага злачынцу». Матэматычныя прыклады з падручніку для пачатковай школы выглядаюць так:

«У часе вызваленчай вайны адважныя паўночнакарэйскія вайскоўцы забілі ў першай бітве 265 амэрыканскіх імпэрыялістычных вылюдкаў. У другой бітве было забіта на 70 вылюдкаў больш. Колькі вылюдкаў было забіта ў другой бітве? А колькі ўсяго?»

Паёк

Прадукты разьмяркоўваюцца. Кожны атрымлівае паёк з рысам, соевым соўсам, яйкамі, мясам, гароднінай, таварамі для дому. Сярэдні заробак — у эквіваленце 3 эўра, для месячнага пражытку неабходна, як мінімум, 23. Паўночнакарэйцы татальна зарабляюць гандлем на чорным рынку, дзяржава глядзіць на гэта скрозь пальцы. Заробак і паёк залежаць ад прыналежнасьці да пэўнай клясы.

51 кляса недабранадзейных

У залежнасьці ад паходжаньня і палітычнай ляяльнасьці грамадзян падзяляюць на 3 групы — сыстэма клясавага падзелу ў КНДР завецца Сонбун. Яе ўвёў у 1958 годзе Кім Ір Сэн, цалкам рэарганізаваўшы паўночнакарэйскае грамадзтва. Кожны прайшоў 8 колаў праверкі, дзе ацэньвалася паходжаньне ня толькі наўпроставых сваякоў, але і некалькіх пакаленьняў стрыечнікаў. Сыстэма ўяўляе сабой сумесь канфуцыянства і сталінізму, — распавядае Ніна, — яе ў сёньняшнім выглядзе можна прыраўняць да палітычнага апартэіду.

  • На вяршыні піраміды — самыя ляяльныя, каля 28% насельніцтва: рэвалюцыянэры, героі вайны, іх нашчадкі.
  • Каля 55% грамадзянаў — тыя, хто «вагаецца»: прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, сяляне.
  • Рэшта — «варожы» слой: нашчадкі капіталістаў, палітвязьняў, будыйскіх манахаў, прыхільнікаў імпэрыялізму. Гэтая група падзяляецца на 51 падкатэгорыю «недобранадзейных».

— Калі чалавек залучаны да варожай групы — то назаўсёды. Клясавая прыналежнасьць пераходзіць у спадчыну, гэта ўжо «папсаваная кроў». Рух па клясавай лесьвіцы магчымы толькі ўніз. У рэдкіх выпадках, калі б нехта зьдзейсьніў геройскі чын — напрыклад, уратаваў ад пажару партрэт правадыра — можа быць разгледжанае пытаньне аб пераводзе да лепшай клясы.

Пакараньне для трох пакаленьняў

На пытаньне, якая ў Паўночнай Карэі існуе апазыцыя, дакладна ня можа адказаць ніхто. Хаця праявай апазыцыйнасьці можа лічыцца нават прагляд самых нявінных паўднёвакарэйскіх фільмаў, якія, нягледзячы на забарону, падпольна пранікаюць у КНДР, — расказвае Ніна Шпітальнікава:

— У паліцыі ёсьць адмысловыя аддзелы, якія сочаць менавіта за тым, каб такія дыскі не патраплялі да грамадзянаў, альбо за тым, каб людзі ня слухалі нічога, акрамя дазволеных радыёстанцыяў. У КНДР прадаюцца радыёпрыймачы, якія ловяць толькі некалькі станцыяў, калі ж нехта купіць замежнае радыё, мусіць аддаць яго ў спэцыяльную майстэрню, дзе яму пераналадзяць каналы. Умелец, які наважыцца наладзіць свае прыймачы на паўднёвакарэйскія ці кітайскія хвалі, вельмі рызыкуе, бо ў КНДР існуе пакараньне для трох пакаленьняў: калі вас прызнаюць вінаватым, пацярпяць і вашы дзеці, і вашы бацькі.

Звычайныя людзі ня маюць доступу да інтэрнэту. Паўночнакарэйскія ўлады сочаць, каб грамадзяне ведалі пра навакольны сьвет толькі тое, што ім дазваляюць.

Звычка ня думаць

— Ведаеце, я па месяцу была ў КНДР, дык на ўласным вопыце скажу, што за гэты час чалавек нават прызвычайваецца ня думаць, што адбываецца ў навакольным сьвеце — настолькі цяжкая і небясьпечная гэтая справа здабыцьця інфармацыі. Дый увогуле: прапагандысцкая машына суправаджае паўночнакарэйцаў цэлае жыцьцё, так што чалавек нават калі і пачынае дапускаць, што нешта ў КНДР іначай, чым у іншым сьвеце, дык ніколі ня ведае, да якой ступені іначай.

Прасьцейшае жыцьцё

— Вы сказалі, пачалі прызвычайвацца? Дык можна прызвычаіцца эўрапейцу да тамтэйшага жыцьця?

— Ведаеце, парадаксальным чынам там жыцьцё прасьцейшае, чым у Эўропе. Бо ні пра што ня трэба думаць. Усё вырашана і вызначана за вас. Вы ў пэўны час атрымаеце свой паёк: вызначана, што вам зьесьці, як пастрыгчыся, якую апрануць вопратку, акрэсьлена, як сябе паводзіць. Так што гэтае жыцьцё вельмі простае, вы ня мусіце кожную хвіліну прымаць нейкае рашэньне, бо ў вас няма магчымасьці выбару. Але празь нейкі час пачынаеш сумаваць па гэтай свабодзе выбару.

— Гэта вы, эўрапейка, пачалі сумаваць, а самі паўночнакарэйцы адчуваюць, што нечага ім не хапае?

— Жанчыны, як ва ўсім сьвеце, хочуць прыгожа, па-сучаснаму апранацца. Ужо якім там чынам да іх даходзіць інфармацыя пра модныя трэнды — невядома, але ўсе яны бягуць па модныя рэчы на чорны рынак. Там можна купіць усё — пераважна кітайскае, толькі дорага. Але, зноў жа, існуюць абмежаваньні: напрыклад, джынсы забароненыя, як імпэрыялістычная прадукцыя. Рэгулюецца шырыня нагавіц: чым вузейшыя, тым меншай выглядае твая ляяльнасьць да ўладаў. Спэцыяльныя рэйды на вуліцах правяраюць ваш стыль вопраткі, але «неляяльна» апранутая моладзь ведае, у які час і па якіх вуліцах ходзяць кантралёры, і знаходзіць спосаб, як пазьбегнуць сустрэчы зь імі. Але ўсё ж калі модніка затрымаюць, ён будзе мець праблемы на працы, павінен будзе публічна каяцца на гадзінах самакрытыкі.

Самакрытыка

Самакрытыка ў Паўночнай Карэі — абавязковая частка жыцьця. Кожны вядзе дзёньнік сваіх правінаў, і мінімальна раз на тыдзень публічна каецца перад калегамі. Да грахоў для пакаяньня падыходзіць усё: ад разьбітага вакна, да няправільнай стрыжкі, ад грубага слова суседу да несвоечасовага вяртаньня дадому.

— Гэта такі эквівалент заходняй псыхатэрапіі? Можа, яно і някепска? — уголас разважаю я.

— Каб жа ж гэта было шчыра, а тое звычайная фармальнасьць. Бязгрэшных быць ня можа, таму перад «гадзінай самакрытыкі» дзёньнікі насьпех запаўняюцца выдуманымі праступкамі, за якія трэба публічна прынесьці прабачэньні і выказаць шкадаваньне, што расчаравалі партыю і вучэньне Кім Ір Сэна. Зь іншага боку, пра сапраўды недазволеныя ўчынкі людзі маўчаць, — тлумачыць Ніна.

Два Кімы

Ніна Шпітальнікава пабывала на стажыроўцы двойчы — за ўладай Кім Чэн Іра і Кім Чэн Ына. Цяперашні рэжым яна лічыць больш рэпрэсіўным:

— З аднаго боку, вядома, рэфармуецца эканоміка на ўзор Кітаю: земляробы цяпер могуць 40% прадукцыі пакідаць сабе, на прадпрыемствах зьявіліся мэнэджэры, дазваляюцца нейкія паслабленьні ў паўсядзённым жыцьці — тая ж мода. Але зь іншага боку, вас могуць пакараць сьмерцю за тое, што нешта ня тое сказалі па тэлефоне. Людзі зьнікаюць там проста з вуліц. З тых, хто на пахаваньні нёс труну Кім Чэн Іра, жывым Кім Чэн Ын не пакінуў ніводнага.

Карэаністыка, альбо карэязнаўства

Ніна вывучала карэязнаўства на філязофскім факультэце Карлавага ўнівэрсытэту. Патрапіла туды выпадкова: хацела вывучаць Японію альбо Кітай, але набор быў скончаны. Спынілася на карэязнаўстве і закахалася ў гэтую навуку:

— Карэязнаўства ўключае вывучэньне мовы, гісторыі, філязофіі, грамадзкіх, палітычных працэсаў. Цяпер гэта для мяне і праца, і хобі, і творчасьць.

Ніна Шпітальнікава стажыравалася ў абедзьвюх Карэях — Паўднёвай і Паўночнай, мае навуковую ступень магістра.

Звычайны таталітарызм

Сьвядомае жыцьцё яна пражыла ўжо ў незалежнай Чэхіі.

— Калі я чагосьці не разумела, альбо калі мне трэба было параўнаць для досьледаў паўночкарэйскую сытуацыю з колішняй чэхаславацкай, я заўсёды зьвярталася да сваёй бабулі. Тая не стамлялася дзівіцца, наколькі сёньняшняя КНДР нагадвае Чэхаславаччыну 50-х гадоў. Але, на маю думку, кантроль за грамадзянамі ў КНДР нашмат большы, чым быў некалі ў Чэхаславаччыне. Там нават у доме, дзе вы жывяце адказны чалавек кантралюе: калі вы прыходзіце, адкуль ідзяце, хто прыяжджае да вас, і штодня здае справаздачы «у органы». Калі я размаўляла з уцекачамі з Паўночнай Карэі, многія зь іх пра свае пляны ўцёкаў не казалі нават жонцы, бо даверу там няма і паміж сямейнікамі. Працятасьць гэтай дзяржавы ўзаемным шпіёнствам надзвычайная.

Пасьля выхаду кнігі Ніну Шпітальнікаву часта запрашаюць выступаць у школах. Чэскія вучні толькі ў канцы гадзіны пачынаюць разумець, што расповед лектаркі — ніякая ня казка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG