Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На просьбу чытачоў ў гэтым артыкуле пагаворым пра дыету падчас цяжарнасьці.

Пачнём з распаўсюджанага міту. Падчас цяжарнасьці ня трэба есьці за дваіх! Калі вы ня будзеце пераядаць падчас цяжарнасьці, гэта будзе добра для вашага дзіцяці, да таго ж, вы лёгка вернеце былую форму пасьля родаў.

Натуральна, ваша цела выкарыстоўвае трохі больш энэргіі, таму што дзіця павінна расьці, але вы часта рухаецеся (асабліва напрыканцы цяжарнасьці) значна менш. Лічыцца, што ў першым трымэстры трэба прытрымлівацца сваёй агульнай нормы ў спажываньні калёрый. У другім трымэстры ў сярэднім трэба спажываць на 350 калёрый больш, а ў трэцім — на 450 больш.

Набор вагі

У сярэднім, жанчыны набіраюць ад 10 да 15 кіляграмаў падчас цяжарнасьці. Усе дадатковыя кіляграмы застануцца пасьля родаў. Некаторыя жанчыны выкарыстоўваюць цяжарнасьць як падставу, каб зьесьці толькі крыху больш, чым звычайна. Гэта — няправільна. Акрамя лішніх кіляграмаў пераяданьне можа прывесьці да таго, што дзіця будзе занадта цяжкім. А больш цяжкія дзеці ў далейшым жыцьці маюць павышаную рызыку атлусьценьня.

Недахоп калёрый у рацыёне маці прыводзіць да таго, што ва ўмовах дастатку ежы чалавек усё жыцьцё будзе пераядаць

Недабор вагі (сьледзтва няправільных дыет і нездаровых уяўленьняў пра прыгажосьць) вельмі небясьпечны для дзіцяці. Зародак у чэраве маці прыстасоўваецца да недахопу пажыўных рэчываў — гэта важна для выжываньня. Недахоп калёрый у рацыёне маці прыводзіць да таго, што сыстэмы арганізму будучага немаўляці праграмуецца на захаваньне кожнай калёрыі. Гэтая адаптацыя дапамагае выжыць у тым выпадку, калі пасьля нараджэньня дзіця будзе недаядаць. Але ва ўмовах дастатку ежы гэта прывядзе да таго, што чалавек усё жыцьцё будзе пераядаць з усімі зьвязанымі наступствамі, уключаючы залішнюю вагу і цукровы дыябэт 2-га тыпу.

З чаго складаюцца набраныя падчас цяжарнасьці кіляграмы?

• 3,5 кіляграма — вага дзіцяці
• 2 кіляграмы — амніятычная (каляплодная) вадкасьць
• 1,5 кіляграма — плацэнта і матка
• 2 кіляграмы — дадатковая кроў
• 0,5 кіляграма — дадатковыя тканіны малочнай залозы
• 3 кіляграмы — тлушчу (неабходны для груднога гадаваньня)

Усё разам гэта складае 12,5 кіляграма.

У сярэднім падчас першага трымэстру жанчына (пры ўмове, што яна мае здаровую вагу) набірае каля 1.5-2 кіляграмаў. Пасьля яна набірае каля 500 грам кожны тыдзень.

Садзіцца на дыету падчас цяжарнасьці ні ў якім разе не рэкамэндуецца. Гэта можа быць небясьпечна і для вашага дзіцяці, і для вас. Недахоп ежы можа згубна паўплываць на рост і разьвіцьцё дзіцяці.

Чаго есьці нельга

Падчас цяжарнасьці вы можаце працягваць есьці і піць амаль усё. Але некаторыя прадукты могуць нанесьці шкоду вам ці вашаму дзіцяці.

Ні ў якім выпадку ня ежце сырое мяса. Гатуйце сырое мяса досыць доўга, каб зьнішчыць патагены накшталт таксаплязмаў. Не рэкамэндуецца спажываць таксама і сушанае або фэрмэнтаванае мяса (стэйк тартар, ялавічная кілбаса, чайная кілбаса, сялянская сьвіная кілбаса, чорыза, ростбіф, вяндліна, прашута, салямі, сэрвэлят).

У печані жывёл утрымліваецца шмат вітаміну А. Празьмерная колькасьць вітаміну А павышае рызыку прыроджаных дэфэктаў

У печані жывёл утрымліваецца шмат вітаміну А. Празьмерная колькасьць вітаміну А павышае рызыку прыроджаных дэфэктаў. Спажываць печань ці прадукты зь яе (паштэт) можна, але зрэдку і не ў вялікіх колькасьцях.

Ня ежце сырую рыбу (напрыклад, селядзец і сушы) або вэнджаную рыбу. Рыба можа быць інфікаваная патагеннымі мікраарганізмамі, такімі як лістэрыя або сальманэла. Яны ня бачныя няўзброеным вокам, ня ўплываюць на смак або пах. Пры награваньні патагены зьнікаюць. Рыба таксама можа ўтрымліваць шкодныя рэчывы, якія знаходзяцца ў вадзе. Гэта пераважна цяжкія мэталы, дыяксыны, поліхларыраваныя біфэнілы (ПХБ), рэшткі пэстыцыдаў.

Цяжарным жанчынам рэкамэндуецца не ўжываць у ежу драпежных рыб, такіх як шчупак, рыба-меч, вугар, тунец і каралеўская макрэль. Гэтыя рыбы, як правіла, маюць больш дыяксынаў і цяжкіх мэталаў.

Цяжарным жанчынам рэкамэндуецца не ўжываць у ежу драпежных рыб, такіх як шчупак, рыба-меч, вугар, тунец і каралеўская макрэль

Паколькі рыба (асабліва тлустая) можа ўтрымліваць шкодныя рэчывы, то рэкамэндуецца ня есьці больш за чатыры порцыі рыбы ў тыдзень. Рэкамэндуецца таксама спажываць розныя гатункі рыбы. Цяжарным жанчынам рэкамэндуецца спажываць максымум 2 порцыі тлустай рыбы на тыдзень.

Ня ежце сыр з сырога, нэпастэрызаванага малака. Ён можа ўтрымліваць бактэрыі, якія шкодныя для дзіцяці. На этыкетцы павінна быць напісана, зроблены сыр з сырога або пастэрызаванага малака (большасьць сыроў выраблена з пастэрызаванага).

Ня ежце сырыя яйкі і прадукты, у складзе якіх яны ёсьць, напрыклад, хатні маянэз або хатняе тырамісу. Маянэз крамны есьці можна.

У травах ёсьць расьлінныя таксыны, якія могуць быць шкодныя ў вялікіх колькасьцях. Фітапрэпараты ўвогуле вельмі канцэнтраваныя, і таму не падыходзіць для вашага дзіцяці.

Падчас прыгатаваньня ежы не выкарыстоўвайце шмат анісу, эстрагону, кропу, базыліку, духмянага перцу, мушкатовага арэху, карыцы

Падчас прыгатаваньня ежы не выкарыстоўвайце занадта шмат гэтых траў: аніс, эстрагон, кроп, базылік, духмяны перац, мушкатовы арэх, карыца, булава.

Увогуле не ўжывайце алькаголь.

Умерана ўжывайце напоі з кафэінам. Лічыцца, што цяжарным можна выпіваць тры кубкі чорнай ці зялёнай гарбаты на дзень. Пейце максымальна адзін кубак кавы на дзень.

Ня ежце сырыя парасткі (напрыклад парасткі фасолі або люцэрны), бо ў іх могуць быць шкодныя бактэрыі, такія як Salmonella і E. coli.

Ці патрэбны спэцыяльныя вітаміны?

Акрамя фалійнай кіслаты і вітаміну D, цяжарным (пры ўмове што яны здаровыя і прытрымліваюцца здаровай разнастайнай дыеты) не патрабуюцца дадатковыя вітаміны. Ужываньне любых іншых дадаткаў (напрыклад, полівітамінаў) не рэкамэндуюцца. Калі вы ўсё ж вырашылі ўзяць харчовую дабаўку, зьвярніце ўвагу на тое, каб дазіроўка вітамінаў ня была больш за 100% ад рэкамэндаванай дзённай нормы, а таксама, каб прэпарат не зьмяшчаў вітамін А ў выглядзе рэтынолу, рэтыналу, рэтынілавага ацэтату або рэтынілпальмініту.

Вітамін D

Цяжарныя жанчыны (таксама як і дзеці да чатырох гадоў) абавязкова павінны прымаць вітаміну D у дазіроўцы 10 мкг на дзень (400 IU).

Фалійная кіслата

Фалійная кіслата (вітамін В11) зьмяншае рызыку дэфэктаў нэрвовай трубкі або расшчапленьня хрыбетніку. Для тых, хто хоча зацяжарыць, вельмі важна прымаць штодня 400 мкг фалійнай кіслаты, незалежна ад таго, колькі вы спажываеце зь ежай. Пачынаць трэбы па крайняе меры за 4 тыдні да магчымага апладненьня. Пасьля дзесятага тыдню цяжарнасьці дадатковая фалійнай кіслаты ня трэба.

Жалеза

Цяжарным жанчынам патрабуецца больш жалеза, бо істотна павялічваецца аб’ем крыві. Нягледзячы на тое, што падчас цяжарнасьці цела жанчыны адаптуецца да новага стану і вельмі эфэктыўна распараджацца жалезам, многія цяжарныя маюць дэфіцыт гэтага мінэралу (гэта часьцей за ўсё зьвязана з неадэкватным харчаваньнем да цяжарнасьці), таму лекары амаль аўтаматычна прапісваюць прэпарат жалеза ў другім і трэцім трымэстры.

Бялок

Цяжарным патрабуецца прыкладна на 25 г болей бялку, чым не цяжарным. Жанчынам са здаровай вагой у сярэднім патрабуецца 75 г бялку на дзень.

Дарэчы, немаўля аддае перавагу тым прадуктам, якія яго мама ела падчас цяжарнасьці (лічыцца, што гэта адбываецца праз мэханізм паху). Так што калі вы хочаце, каб ваша дзіця аддавала перавагу здаровым прадуктам, то вы таксама павінны харчавацца пераважна імі. Маці сваёй дыетай ў простым сэнсе праграмуюць сваіх дзяцей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG