Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2017 годзе памежнікі Беларусі затрымалі больш за 330 нелегальных мігрантаў


Ілюстрацыйнае фота. Віетнамцы, затрыманыя пры спробе незаконна перасячы мяжу зь Беларусі ў Літву, 2016 год

Больш за 30 каналаў нелегальнай міграцыі перакрытыя ў Беларусі сёлета, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт.

На працягу году органы памежнай службы самастойна і ва ўзаемадзеяньні з праваахоўнікамі перакрылі больш за 30 каналаў перапраўкі незаконных транзытных мігрантаў. Затрымана больш за 60 арганізатараў і саўдзельнікаў незаконнай міграцыі. Сярод іх грамадзяне Таджыкістану, Азэрбайджану, Грузіі, Казахстану, Армэніі, Турэччыны, Аўганістану, Індыі і іншых краінаў.

Незаконныя мігранты спрабавалі трапіць празь Беларусь у дзяржавы Эўразьвязу. Усяго органы памежнай службы затрымалі больш за 330 чалавек. Найбольшая колькасьць мігрантаў была затрыманая на мяжы зь Літвой (46%) і Польшчай (29%), у меншай ступені — на латвійскім (10%), украінскім ( 8%) участках мяжы і ў тыле (6%). На авіяцыйным кірунку факты выяўленьня незаконных мігрантаў насілі адзінкавы характар і суправаджаліся выкарыстаньнем падробных дакумэнтаў.

Сьпіс краінаў паходжаньня мігрантаў у 2017 годзе істотна пашырыўся, у яго ўвайшлі Віетнам, Ірак, Пакістан, Куба, Аўганістан, Туніс, Індыя, Банглядэш ды іншыя. Усяго 30 дзяржаў Азіі, Блізкага Ўсходу, Паўночнай Афрыкі і нават Карыбскага басэйну — Кубы.

Па колькасьці сярод мігрантаў, якія спрабавалі трапіць празь Беларусь у Эўразьвяз, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, па-ранейшаму лідэрамі грамадзяне Віетнаму — каля 100 чалавек (больш за 30% ад агульнай колькасьці затрыманых мігрантаў). Міграцыя віетнамцаў праз тэрыторыю Беларусі праходзіла выключна з удзелам арганізаваных злачынных групаў, у абыход вызначаных пунктаў пропуску — больш чым у 80% выпадках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG