Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыль выдаў кнігу з чатырох вершаў «пра адвагу тых, хто есьць і п’е»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Цмачанка» — так называецца новая паэтычная кніга Антона Францішка Брыля, якая зьявілася ў сьвет пад грыфам прыватнага выдаўца Андрэя Янушкевіча.

Навінка прэтэндуе адразу на некалькі лідэрскіх пазыцый беларускага кніжнага рынку-2017.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Першая. Гэта самы ляпідарны зборнік вершаў беларускага аўтара. І ня толькі выдадзены сёлета, але, бадай, за ўсе аглядныя папярэднія гады. Калі не лічыць, вядома, самвыдату. Пад вокладкай толькі чатыры вершы.

З чаго натуральным чынам вынікае другая прэтэнзія — на званьне самай танюткай літаратурна-мастацкай кнігі году — у ёй усяго шаснаццаць старонак.

Трэцяя — жанравая. Як сказана ў анатацыі, кнігу склалі «рыфмы на старасьвецкі лад пра адвагу тых, хто есьць і п’е».

Адсюль пазыцыя самай смачнай кнігі году. Тэматыка яе зададзена ўжо самой назвай. Смачанка — у гэтым наватворы чуецца і цвырчэньне сьвежаніны на патэльні, і смакоцьце вяндліны на бяседным стале, і гукі чарканьня поўных сьвяточных келіхаў. А камусьці можа нават прымроіцца цмок, які часам хаваецца па закутках гасьціннай карчомкі.

Тут ужо і пятая адметнасьць кнігі напрошваецца. Яна ў тым, што «Цмачанку» можна сьмела рэкамэндаваць у якасьці практычнага дапаможніка прафэсійным карчмарам. Чацьвёрты верш кнігі — «Дванаццаць надпісаў на сьцены корчмаў» — проста чысты збор запойнай мудрасьці.

Празь цёплыя залевы харашэе ніва,
А людзі пабожныя — праз добрае піва.
Людзям водлуг развагі неба шле прыкрасы:
Дурню — срэбра ды шаты, мудрацу — каўбасы.

Ну і гэтак далей. Сьпяшайцеся пачытаць — не пашкадуеце. Да Калядаў — сама тая кніга. Наклад яе, дарэчы, разьлічаны выключна на бяседных гурманаў — усяго 200 асобнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG