Прэс-сакратар ВМФ Аргентыны Энрыке Бальбі пацьвердзіў, што апошні раз маракі з «Сан-Хуана» выходзілі на сувязь 15 лістапада. Ён адзначыў, што спадзяваньняў на тое, што камусьці з маракоў удалося выратавацца, практычна няма, і час выратавальнай апэрацыі і без таго ўжо ўдвая перавысіў усе тэрміны. Раней ВМФ Аргентыны заяўляў, што на лодцы ёсьць запас кіслароду і ежы толькі на сем дзён.
Сваякі зьніклых маракоў настойваюць на тым, каб пошукі працягваліся. Бацька аднаго з маракоў заявіў 30 лістапада ў эфіры тэлеканалу La Nacion Mas, што «канчатковае рашэньне аб спыненьні пошукаў застаецца за галоўнакамандуючым, якім зьяўляецца прэзыдэнт, і ён павінен адмяніць гэтае несправядлівае і неапраўданае рашэньне».
Субмарына, на борце якой знаходзіліся 44 чалавекі, у тым ліку першая ў Аргентыне жанчына-падводнік, вярталася з заданьня на сваю базу ў Мар-дэль-Плата. Яна перастала выходзіць на сувязь, калі знаходзілася за 430 кілямэтраў ад узьбярэжжа Патагоніі, крайняй паўднёвай тэрыторыі Аргентыны.