Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Ісьляндыі ўзначаліць жанчына-літаратуразнаўца


Катрын Якабстоўхтыр (Katrín Jakobsdóttir, нар. 1976) стане новым прэм’ер-міністрам Ісьляндыі і будзе кіраваць урадам, створаным кааліцыяй трох партый.

Кааліцыйныя перамовы пасьля парлямэнцкіх выбараў 28 кастрычніка пачаліся тры тыдні таму. Як паведамляюць СМІ, урад створаць тры партыі, — Партыя незалежнасьці, Лева-зялёны рух і Прагрэсіўная партыя, — якія атрымалі 35 месцаў у 65-мандатным парлямэнце (Альтынгу).

Катрын Якабстоўхтыр закончыла Ўнівэрсытэт Ісьляндыі ў 1999 годзе са ступеньню бакаляўра ісьляндзкай і францускай моваў. У тым самым унівэрсытэце ў 2004 годзе яна абараніла магістарскую дысэртацыю па ісьляндзкай літаратуры, прысьвечаную творчасьці папулярнага ісьляндзкага аўтара дэтэктываў Арнальдура Індрыдасана.

Літаратура і кнігі займаюць вельмі важнае месца ў культуры Ісьляндыі. У краіне з 330 тысячамі жыхароў штогод выдаюць каля 1200 кніжных найменьняў. Паводле апытаньня з 2013 году, 50% насельніцтва прачытала за апошні год ня менш за 8 кнігаў. Каля 10% жыхароў Ісьляндыі (33 тысячы чалавек) зьяўляюцца аўтарамі апублікаваных у краіне кнігаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG