Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават недасьведчаныя ў мэдыцыне ведаюць (або, прынамсі, чулі) пра найбольш драматычны для людзей ва ўзросьце пасьля 70-75 гадоў стан, калі пры падзеньнях здараецца пералом шыйкі сьцягна.

Гэтая траўма прыводзіць да значнага абмежаваньня руху, а калі такіх пацыентаў не апэрыраваць, то і ўвогуле да вымушанага пастаяннага ляжачага стану. Нават пасьля ўдалай апэрацыі патрабуецца шмат часу на рэабілітацыю для ўзнаўленьня магчымасьці нармальна рухацца.

Прычынай пераломаў костак у людзей сталага веку зьяўляецца остэапэнія і остэапароз — гэта паступовае разбурэньне костак, якое адбываецца за кошт вымываньня кальцыю. Гэтае рэчыва вельмі патрэбнае арганізму для падтрыманьня і аднаўленьня нармальнай структуры костак. З прычыны вымываньня кальцыю косткі трацяць магчымасьць нармальна, паўнавартасна аднаўляцца і таму нават пры невялікіх траўмах ломяцца.

У мужчын зініжэньне ўзроўню тэстастэрону, які запускае працэс коснай крохкасьці, пачынаецца ў кожнага індывідуальна, але ў сярэднім ва ўзросьце каля 60-65 гадоў

Працэсы ўзроставага парушэньня аднаўленьня костак пачынаюцца ў жанчын пасьля мэнапаўзы — гэта апошняя мэнструацыя, якая ў сярэднім мае месца ў 49 год. У мужчын зініжэньне інтэнсіўнасьці аднаўленьня коснай тканкі зьвязана таксама з узроставым гарманальным зьніжэньнем, якое носіць назву ўзроставы андрагенны дэфіцыт. Зьніжэньне ўзроўню тэстастэрону, які запускае працэс коснай крохкасьці, пачынаецца ў кожнага індывідуальна, але ў сярэднім ва ўзросьце каля 60-65 гадоў.

Якраз да гэтага веку колькасьць пераломаў пераважае ў жанчын, бо ў іх раней, у параўнаньні з мужчынамі, зьніжаецца ўзровень палавых гармонаў, якія абараняюць косную тканку. А пасьля 65 гадоў — гэта значыць часу, калі і ў мужчын, і ў жанчын у аднолькавай ступені зьніжаецца станоўчы ўплыў палавых гармонаў на косную тканку — колькасьць пераломаў становіцца аднолькаваю.

Як жа можна дапамагчы ўмацаваць косткі шляхам харчаваньня?

На сёньняшні дзень дакладна вядома, што калі чалавек ужывае меней чым 400 мг кальцыю на дзень, то гэта напэўна зьвязана з фармаваньнем коснай крохкасьці і пераломамі. Дарэчы, можна ўжываць і дастатковую колькасьць кальцыю, але з прычыны розных хвароб страўнікавага тракту можа парушацца яго ўсмоктваньне, таму арганізм, і менавіта косткі, будуць адчуваць недахоп такога неабходнага кампанэнту.

Дзённая колькасьць кальцыю павінна складаць 1,0-1,5 грамаў, таму ў сталым узросьце трэба прывучыцца рэгулярна ўжываць такія прадукты як галяндзкі ці расейскі сыр, кунжут, брынза. Вельмі добрым выйсьцем можа быць спажываньне плаўленага сырка, якога шмат у беларускіх крамах па невысокіх коштах.

Дзённая колькасьць кальцыю павінна складаць 1,0-1,5 грамаў, таму ў сталым узросьце трэба прывучыцца рэгулярна ўжываць такія прадукты як галяндзкі ці расейскі сыр, кунжут, брынза

Пра колькасьць кальцыю ў пералічаных прадуктах мы пісалі ў папярэднім артыкуле.

Ну і, канечне, размову пра прафіляктыку остэапэніі — пачатковай стадыі ўзроставай крохкасьці костак, якая потым перацякае ў остэапароз, характэрны большымі зьменамі, нельга весьці без прыгадваньня вітаміну D. Ён вельмі патрэбны для нармальнага аднаўленьня коснай тканкі. Каля 80% гэтага вітаміну выпрацоўваецца ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых промняў. Мы ужо пісалі, што ва ўмовах беларускага клімату ў сталым (і ня толькі) узросьце трэба як мага болей знаходзіцца на вуліцы, нават у пахмурнае надвор’е, у пэрыяд зь сярэдзіны траўня да сярэдзіны верасьня, калі сонечная ультрафіялетавая актыўнасьць найбольшая.

Асабліва пра гэта павінны памятаваць асобы, якія даглядаюць старых людзей, якім цяжка рухацца. Такім пацыентам абавязкова трэба ствараць умовы, каб яны дыхалі сьвежым паветрам, напрыклад, на бальконе ці на лавачцы каля хаты. У летні час катэгарычна ня трэба сядзець у хаце ў чатырох сьценах, трэба карыстацца магчымасьцю назапашваць вітамін D.

Вітамін D ёсьць таксама у крупах, асабліва ў аўсянцы, у тлустай рыбе (сардыны, скумбрыя, тунец, ласось), якую можна ўжываць і ў кансэрвах.

Падсумуем. У сталым узросьце, паводле фізіялягічных прычын, адбываецца разьвіцьцё крохкасьці костак, што часта вядзе да пераломаў. Для прадухіленьня крохкасьці костак з дапамогай дыеты трэба штодзённа ўжываць 1-1,5 грама кальцыю.

Не забывайцеся на прадукты, празь якія ў наш арганізм трапляе вітамін D — ён дапамагае засваеньню кальцыю. У беларускіх умовах ня трэба забывацца на яечню і аўсяную кашу. Важна таксама знаходзіцца на сьвежым паветры, асабліва ў летні час.

Ну і не забывайцеся зьвяртацца да лекара для своечасовага выяўленьня і лячэньня паталёгіі страўнікавага тракту, якая можа прыводзіць да зьніжэньня ўсмоктваньня кальцыю нават пры дастатковым яго паступленьні зь ежай. Акуратнае датрыманьне гэтых простых парадаў дапаможа зьменшыць рызыку вельмі пакутлівых пераломаў, асабліва шыйкі сцягна і костак запясьця, у сталым узросьце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG