Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харватыі абураныя прысудам Міжнароднага трыбуналу


Андрэй Плэнкавіч выступае з заявай пасьля прысуду ў Гаазе. Заграб, 29 лістапада 2917 году
Андрэй Плэнкавіч выступае з заявай пасьля прысуду ў Гаазе. Заграб, 29 лістапада 2917 году

Прадстаўнікі харвацкага палітычнага кіраўніцтва раскрытыкавалі канчатковы прысуд Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі ў справе шасьці басьнійскіх харватаў, мяркуючы, што ён наўпрост закранае інтарэсы Харватыі.

Гааскі суд, разгледзеўшы апэляцыю былых лідэраў самаабвешчанага дзяржаўнага ўтварэньня Герцэг-Босьнія, пацьвердзіў 22 лістапада, што на тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны ў 1990-я гады адбыўся міжнародны ўзброены канфлікт. Сярод удзельнікаў злачыннай кампаніі, нацэленай на выцясьненьне басьнійскіх мусульман ды іншага нехарвацкага насельніцтва, названы цяпер нябожчык прэзыдэнт Харватыі Франьё Туджман. Суд прыйшоў да высновы, што Харватыя празь сілы басьнійскіх харватаў (Харвацкая рада абароны) кантралявала частку тэрыторыі суседняй краіны. Такім чынам, на вайскова-палітычную эліту Харватыі пачатку 1990-х ускладзеная частковая адказнасьць за ваенныя злачынствы.

Прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Плэнкавіч назваў вэрдыкт суду несправядлівым у дачыненьні да харвацкага народу, нагадаўшы пра дапамогу Харватыі, якая была аказаная Босьніі і Герцагавіне. «Харватыя дапамагла вызваліць ад сэрбскіх сілаў значную частку тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны і прадухіліць новыя злачынствы, падобныя генацыду ў Срэбраніцы, што зрабіла магчымым падпісаньне Дэйтанскага пагадненьня і заканчэньне вайны. Мы далі прытулак шматлікім басьнійскім грамадзянам, незалежна ад іх нацыянальнасьці», — сказаў Плэнкавіч.

Прэзыдэнт Харватыі Калінда Ґрабар-Кітаравіч напярэдадні вынясеньня канчатковага прысуду групе басьнійскіх харватаў выступіла ў іх абарону, заявіўшы, што спадзяецца на апраўданьне асуджаных. Ґрабар-Кітаравіч балятавалася на прэзыдэнцкі пост ад партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасьць (ХДС), якую стварыў Франьё Туджман і якая знаходзілася ва ўладзе падчас вайны ў былой Югаславіі.

Адзін з дэпутатаў харвацкага Сабору Ґоран Бэўс Рыхэмбэрґ​ абвінаваціў кіраўніцтва ХДС у выкарыстаньні парлямэнту, каб адхіліць новы прысуд Міжнароднага суду. Ён асудзіў рашэньне абвясьціць хвіліну маўчаньня ў памяць генэрала Слобадана Праляка, які скончыў жыцьцё самагубствам, назваўшы яго асуджаным ваенным злачынцам. Падчас разгляду апэляцыі ​ ў Міжнародным трыбунале па былой Югаславіі Слобадан Праляк выпіў нешта зь ёмістасьці, у якой, паводле яго слоў, знаходзілася атрута.

Харвацкая акадэмія навук назвала прысуд трыбуналу несправядлівым і не заснаваным на гістарычных фактах. «Гэты вэрдыкт ня будзе спрыяць замірэньню і нармалізацыі на тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны і ўсёй Паўднёва-Ўсходняй Эўропы», — сказана ў яе паведамленьні.

Адвакат Ядранка Слокавіч выказала думку, што, калі б быў жывы Франьё Туджман, а таксама былы міністар абароны Гойка Шушак і начальнік генштабу арміі Харватыі Янка Бобэтка, яны апынуліся б у Гаазе. «Гэта не прысуд у дачыненьні да Харватыі, але гэта вэрдыкт, які закранае харвацкае дзяржаўнае кіраўніцтва», — патлумачыла яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG