Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: Беларусь можа стаць першай у сьвеце, дзе дзяржава карае рублём за язду на ровары


Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Ладуцька аглядаюць асартымэнт мотавелазаводу
Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Ладуцька аглядаюць асартымэнт мотавелазаводу

Эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук рэзка раскрытыкаваў ініцыятыву дырэктара менскага ААТ «Мотавелазавод» Мікалая Ладуцькі, які прапанаваў увесьці ўтылізацыйны збор на вела- і мотапрадукцыю, што, на думку чыноўніка, павінна паспрыяць разьвіцьцю айчыннай вытворчасьці.

Такую ідэю былы старшыня Менгарвыканкаму агучыў, расказваючы пра сумесныя з расейскай групай кампаній ААТ «Веломоторс» пляны стварыць прадпрыемства ў выпуску абноўленага шэрагу вела- і мотатэхнікі.

«Такіх кіраўнікоў трэба звальняць без права пажыцьцёва дакранацца да дзяржаўнай уласнасьці, — напісаў Раманчук на сваёй старонцы „ВКонтакте“. — Ладуцька — хрэстаматыйны прыклад таго, як ня трэба кіраваць ні горадам, ні заводам. Яго знаходжаньне на розных высокіх пасадах у краіне — тлустая двойка кадравікам ў органах улады, тым, хто абавязаны сачыць за прафэсіяналізмам і якасьцю чалавечага капіталу ў органах дзяржкіраваньня».

Спадар Раманчук нагадвае, што Ладуцька не знайшоў ніякага лепшага пляну, каб вывесьці даручаны яму завод з крызісу, як укласьці ў яго 50-60 мільёнаў дзяржаўных даляраў. То бок узяць цяжар даўгоў і надзяліць шчодрымі падатковымі льготамі. А цяпер яшчэ прапанаваў увесьці утылізацыйны збор на вела- і мотапрадукцыю — нібыта для стварэньня «ўмоваў для разьвіцьця айчыннай вытворчасьці».

Эканаміст Яраслаў Раманчук
Эканаміст Яраслаў Раманчук

«У эпоху бурнага росту цікавасьці да ровараў, падчас імклівага росту папулярнасьці веладарожак і здаровага ладу жыцьця трэба быць кіраўніком асаблівага разьліву, каб зьвесьці бізнэс-плян да дзяржаўнай падтрымкі, прэфэрэнцый і... новых падаткаў, — разважае Раманчук. — Па сутнасьці, Ладуцька хоча прымусіць усіх велааматараў заплаціць падатак — атрымліваецца, як пакараньне за язду на ровары. Ладуцька хоча прыраўняць ровар да аўтамабіля са шкоднымі выкідамі. Калі такая прапанова будзе падтрымана ўрадам, то Беларусь стане першай краінай у сьвеце, дзе дзяржава карае рублём за язду на роварах».

На перакананьне Яраслава Раманчука, заганнасьць падобнай ініцыятывы ня толькі ў тым, што прапануецца «адкусіць» кавалак хлеба у настаўнікаў, лекараў, выхавальнікаў дзіцячых садкоў, а нясе рызыку небясьпечнага прэцэдэнту, калі былыя і цяперашнія чыноўнікі могуць пад свой бізнэс «выбіваць» падаткі і льготы ў індывідуальным парадку.

Маўляў, не атрымліваецца рабіць добрую вопратку — давайце ўвядзем збор на набыцьцё адзеньня. Няма попыту на станкі і малаткі — абкладзем данінай пакупнікоў. І ўсё нібыта ў імя айчыннай вытворчасьці.

Гендырэктар "Мотавелазаводу" Мікалай Ладуцька
Гендырэктар "Мотавелазаводу" Мікалай Ладуцька

Эканаміст прапануе пакрокавы выхад зь цяперашняй сытуацыі. ​

Першае. Звольніць Мікалая Ладуцьку зь менскага "Мотавелазаводу" без права працаваць за кошт грошай падаткаплатнікаў дзе б там ні было.

Другое. Прадаць заводзкую пляцоўку проста як нерухомасць і зямлю, без інвэстыцыйных умоваў. Вытворчасьць матацыклаў і ровараў у Беларусі памерла. Калі хтосьці захоча рабіць ровары, прасьцей і таньней пабудаваць сучасны завод з нуля.

Трэцяе. Правесьці аўдыт «чырвоных» дырэктараў, выявіць падобных «наватараў» і зрабіць зь імі гэтак жа, як з былым сталічным гораданачальнікам.

Чацьвёртае. Увесьці ў заканадаўства забарону на індывідуальныя, падатковыя, мытныя, фінансавыя, арэндныя ды іншыя льготы на карысць асобных камэрцыйных суб’ектаў.

Пятае. Строга вызначыць функцыі і паўнамоцтвы дзяржавы — абарона жыцьця грамадзянаў. Ператварыць Беларусь з краіны для 15 тысяч намэнклятурных начальнікаў і iх камэрцыйных партнэраў у краіну мільёнаў уласьнікаў зямлі, актываў і пэнсійных фондаў.

Шостае. Кожнага распарадчыка чужога (палітыка ці чыноўніка), які заікнецца аб павышэньні падаткаў, увядзеньні новых плацяжоў, неадкладна звальняць з органаў дзяржкіраваньня бяз права працаўладкаваньня на працягу пяці гадоў. І дазволіць вярнуцца толькі пасьля здачы іспыту па асновах эканомікі здаровага сэнсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG