Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козіч Навум. Нарадзіўся ў 1866 г. у в. Хомікі Горадзенскага пав. (цяпер Горадзенскі р-н). Дата і месца сьмерці невядомыя.

Каторы раз даводзіцца шкадаваць, што згарэла лясная хатка Л. Сівіцкай. У адным зь лістоў яна паведамляла свайму карэспандэнту, што мае напісаную біяграфію Н. Козіча, якога атэставала як свайго сябра-земляка. Недаступны нам і архіў Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі, у якой вучыўся Козіч. Мажліва, там мы знайшлі б зьвесткі пра бацькоў Козіча, яго братоў і сёстраў. Зноў жа, сумнеўна, што сэмінарыю Козіч скончыў у 1908, як пра тое можна даведацца зь літаратуры. Атрымліваецца, што навучэнцам гэтай установы ён стаў у даволі салідным узросьце. І з мабілізацыяй у войска пытаньне. Можна прачытаць, што мабілізавалі яго толькі ў 1917. У якім вайсковым вучылішчы ён вучыўся? І дзе Козіч жыў аб той пары, калі Горадзенская губэрня трапіла пад нямецкую ўладу?

Як бы там ні было, пасьля Вялікай рэвалюцыі ў Расеі прапаршчык Козіч далучыўся да беларускага руху. У кастр. 1917 на зьезьдзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту яго абралі сябрам Часовай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, а ў сьнеж. таго самага году — сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду.

У сак. 1918 Рада Зьезду пераўтварылася ў Раду БНР, і Козіч заняў у ёй прыкметнае месца. 1.05.1918 ён увайшоў у Гаспадарчую камісію Рады. І таксама ў тр. разам з аднадумцамі-народнікамі П. Бадуновай, Т. Грыбам, А. Карачом, Я. Мамонькам, С. Нямкевічам, М. Пашковічам, Сівіцкай ды М. Шылам выйшаў зь Беларускай Сацыялістычнай Грамады і стаў сузаснавальнікам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябрам партыйнай фракцыі ў Радзе. Фармальным штуршком да разрыву народнікаў з БСГ была тэлеграма на імя Вільгельма ІІ, падпісаная І. Серадой, Я. Варонкам, Р. Скірмунтам, А. Аўсянікам, П. Алексюком, П. Крачэўскім ды Я. Лёсікам, у якой яны дзякавалі кайзэру Нямеччыны за вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў ды прасілі яго, узяўшы Беларусь пад сваю абарону, прызнаць назалежнасьць нашай краіны.

Козіч быў у ліку тых радных-сацыялістаў, якія ў ліп. 1918 выступілі супраць кабінэту Скірмунта. У жн. таго самага году ён стаў старшынём Бежанскай камісіі Рады. У сувязі з тым, што фармаваньне кабінэту І. Серады так і не было завершана, гэтая камісія выконвала функцыі народнага сакратарства ў справах уцекачоў і выгнанцаў з заходніх паветаў Беларусі і мела сваю пячатку з Пагоняй.

Не забываў Козіч і пра сваю прафэсію. З восені 1918 г. ён загадваў менскай беларускай пачатковай школай № 30. Стаў сябрам Беларускага настаўніцкага саюзу. Як вядома, увосень 1918 у Менск зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут, ператвораны пад канец таго самага году ў Менскі беларускі пэдагагічны інстытут. І Козіч стаў студэнтам гэтай навучальнай установы. Аднак павучыцца яму не ўдалося. Калі ў канцы лістап. 1918 большая частка радных і народных міністраў БНР змушана была падацца зь Менску ў Вільню і Горадзен, Козіч накіраваўся ў Будслаў, дзе неўзабаве — 15.12 — адбылося ўрачыстае адкрыцьцё беларускай гімназіі.

Будслаўская гімназія не праіснавала доўга. Польскія акупанты зачынілі яе. Як толькі Войска Польскае прыйшло ў Менск, Козіч вярнуўся ў горад. 10.08.1919 ён стаў адным з сузаснавальнікаў Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Эсэр, ён падтрымаў лінію сваёй партыі на барацьбу з польскімі акупантамі і разам зь іншымі сацыялістамі-рэвалюцыянэрамі ды сацыялістамі-фэдэралістамі вінаваціў А. Луцкевіча ў прапольскай палітыцы.

Можна прачытаць, што Козіч быў адным з галоўных ініцыятараў перавароту 13.12.1919 у Радзе БНР, калі эсэры і эсэфы выбралі сваё кіраўніцтва Рады і стварылі паралельны кабінэт на чале з В. Ластоўскім, Козіч стаў сябрам Прэзідыюму Рады БНР і яе сакратаром. Яшчэ адным сакратаром выбралі Мамоньку, зь якім Козіч да тр. 1918 загадваў друкарняй Народнага Сакратарыяту БНР. Неўзабаве пасьля гэтага палякі арыштавалі Козіча і Мамоньку ды разам з Бадуновай і Ластоўскім кінулі іх у Менскую турму.

Выйшаўшы зь вязьніцы, Козіч працягваў антыпольскае змаганьне. Ён стаў удзельнікам партызанскага руху на Горадзеншчыне, у 1922 уваходзіў у склад беларускага паўстанцкага штабу Горадзенскай акругі. Польскія ўлады, аднак, ня мелі неаспрэчных доказаў «выўратовай» дзейнасьці Козіча, таму на судовым працэсе «45-ці», які адбыўся ў тр. 1923 у Беластоку, яго імя значылася толькі ў сьпісе падазраваных.

Ёсьць зьвесткі, што ў сярэдзіне 1920-х Козіч быў сябрам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, узначальваў гурток у в. Лаша Горадзенскага павету. Ён належаў да тых сябраў БСРГ, якія трымаліся на дыстанцыі ад камуністаў. Уваходзіў Козіч і ў Таварыства Беларускай Школы, быў кіраўніком гуртка ў в. Сьвіслач. Гісторык А. Чарнякевіч паведамляе, што ў верас. 1928 Козіч выйшаў з гуртка ТБШ. Парываючы з ТБШ, Козіч, пэўна, у такі спосаб выказваў незадаволенасьць тым, што кіраўніцтва «Змаганьня» адкрыта вяло прабальшавіцкую палітыку, што камуністы не хавалі свайго намеру або «асядлаць» беларускія культурніцкія арганізацыі, у тым ліку ТБШ, або зьнішчыць іх знутры. Аднак Козіч не далучыўся і да беларускай санацыі, якая пазбаўлялася камуністаў і камсамольцаў у шэрагах беларускіх арганізацый.

Падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі 1930 ён, колісь змагар супраць польскіх акупантаў, вылучаўся кандыдатам у паслы на Сойм Польскай Рэспублікі ад Беспартыйнага блёку супрацы з урадам, г. зн. падтрымаў пілсудчыкаў. На супрацу зь пілсудчыкамі быў арыентаваны і створаны ў кастр. 1930 у Горадне Беларускі нацыянальны выбарчы камітэт, сябрам якога стаў Козіч. Больш зьвестак пра яго жыцьцё і дзейнасьць у гісторыкаў пакуль што няма.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG