Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт ЗША выявіў аб’ект у месцы зьнікненьня аргентынскай субмарыны


Афіцэр падводнай лодкі "Сан Хуан" Эвэліна Краўчык.

Самалёт ВМС ЗША выявіў аб’ект у раёне, адкуль зьніклая падводная лодка узброеных сілаў Аргентыны адправіла свой апошні сыгнал. Пра гэта агенцтву Reuters паведаміў удзельнік пошукавага палёту на борце амэрыканскага самалёта «Пасэйдон» над Паўднёвай Атлянтыкай.

Экіпаж падкрэсьліў, што аб’ект ня можа быць ідэнтыфікаваны, і невядома, ці зьвязана гэта з падводнай лодкай «Сан Хуан», якая зьнікла бязь вестак больш за тыдзень таму з экіпажам з 44 чалавек на борце.

Самалёт P-8A Poseidon вярнуўся на сваю базу ў Аргентыне ў сераду ўвечары. Гэта быў адзін зь дзесяткаў аргентынскіх і замежных суднаў і самалётаў, якія ўдзельнічаюць у пошуках зьніклай падводнай лодкі.

Як паведамлялася раней, запасы кіслароду на зьніклай у Атлянтычным акіяне аргентынскай падводнай лодцы заканчваюцца. Пра гэта заявіў прадстаўнік Вайскова-марскіх сілаў Аргентыны Энрыке Бальбі.

Пошукавую апэрацыю вядуць караблі аргентынскага флёту, самалёты і верталёты. Усяго ў ёй удзельнічаюць каля 4 тысяч чалавек зь дзесяці краін.

Дапамогу Аргентыне прапанавалі ЗША, Бразылія, Уругвай, Пэру, Вялікабрытанія і ПАР. У чацьвер, 23 лістапада, да пошукаў зьніклай падлодкі далучылася Расея.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG