Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар Ган: нэгатыўных пачуцьцяў ад непрыезду Лукашэнкі ня маем


Яганэс Ган

Эўракамісар у справе палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні ЭЗ Яганэс Ган пракамэнтаваў рашэньне кіраўніка Беларусі Лукашэнкі ня ехаць на саміт Усходняга партнэрства.

Няма ніякіх нэгатыўных пачуцьцяў ад таго, што ад Беларусі ў саміце Усходняга партнэрства (УП) будзе ўдзельнічаць не прэзыдэнт, — заявіў эўракамісар Ган 23 лістапада ў Бруселі на сустрэчы з журналістамі з краін УП (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна).

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

«Краіна вольная вырашаць, хто і на якім узроўні яе прадставіць. Краіну запрашаюць, натуральна, на самым высокім узроўні, — сказаў Ган. — Наколькі я разумею, у іншых краінах з прычыны канстытуцыйных умоў або абмежаваньняў альбо прэзыдэнт, альбо прэм’ер-міністар зьяўляюцца найвышэйшымі прадстаўнікамі дзяржавы ў той ці іншай замежнай паездцы. Беларусь прыняла рашэньне накіраваць міністра замежных справаў. У нас зь ім добрыя адносіны, мы сустракаліся некалькі разоў. Няма ніякіх нэгатыўных пачуцьцяў або стаўленьня да таго, што не прыяжджае прэзыдэнт».

Паводле слоў эўракамісара, дачыненьні паміж ЭЗ і Беларусьсю паляпшаюцца. «Калі я раніцай прачынаюся, я не бягу адразу да карты і не спрабую ткнуць пальцам у краіну, якая яшчэ не зьяўляецца членам ЭЗ, і потым адразу не тэлефаную ім з прапановай далучыцца. Мы актыўна не прасоўваем гэтую ідэю, але мы хочам умацоўваць сувязі з нашымі суседзямі. Мы спрабуем знайсьці пункты сутыкненьня», — сказаў Ган.

Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсьць свае інтарэсы ў дачыненьні да інтэнсіўнасьці ўзаемадзеяньня з ЭЗ.

«Мы сваю пазыцыю карэктуем з улікам гэтых інтарэсаў, — падкрэсьліў Ган. — Пагадненьне зь Беларусьсю — гэта ня нейкі кантракт з жорсткімі абавязаньнямі, але, тым ня менш, ён дае аснову для вырашэньня пэўных пытаньняў».

Паводле яго слоў, «ёсьць пытаньні, якія выклікаюць заклапочанасьць».

«Напрыклад, у Беларусі стасуецца сьмяротнае пакараньне і парушаюцца правы чалавека. Але мы назіраем адзінае палітычнае жаданьне з абодвух бакоў працаваць у гэтым кірунку. Мы таксама не жадаем выстаўляць празьмерныя патрабаваньні да краіны. Мы імкнемся шукаць узаемапрымальныя рашэньні», — дадаў эўракамісар.

Пытаньне, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на шостым саміце УП, заставалася адкрытым да 21 лістапада. Упершыню за ўвесь час правядзеньня гэтых мерапрыемстваў на саміт быў запрошаны прэзыдэнт Беларусі. На пяці папярэдніх самітах Беларусь прадстаўлялі чыноўнікі рознага ўзроўню, бо дзейнічала забарона на ўезд Аляксандра Лукашэнкі ў краіны Эўразьвязу, але ў лютым 2016 году забарона была зьнятая. 21 лістапада МЗС Беларусі паведаміў, што беларускую дэлегацыю на саміце ў Брусэлі ўзначаліць міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG