Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка міліцыі прымусіла магілёўца выдаліць «радыкальныя каляжы» з Instagram


Адна з «фатажабаў» Аляксея Гаўрыленкі
Адна з «фатажабаў» Аляксея Гаўрыленкі

24-гадовы магілёвец Аляксей Гаўрыленка разьмяшчаў у інтэрнэце фатаздымкі са зьмененымі надпісамі на шыльдах. У каляжах міліцыя ўгледзела прыкметы экстрэмізму і кампрамэтацыю статусу супрацоўніка ўнутраных спраў Беларусі.

Нават гатовыя былі распачаць крымінальную справу супраць аўтара «фатажабаў», аднак экспэртыза злачынства ўсё ж ня ўбачыла.

У фатажабах згадаў «мента...» і «Ісламскую дзяржаву»

Гаўрыленку інкрымінавалася хуліганства і заклікі да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь.

«На інтэрнэт-сайце «Instagram» паказаны фатаздымак наступнага зьместу, — адзначана ў міліцэйскай пастанове аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. — На фоне адміністрацыйнага будынка ўпраўленьня дэпартамэнту аховы МУС Рэспублікі Беларусь сфатаграфаваны аркуш паперы са словам «ГАСИ», які прыкрывае частку радка «Департамент охраны». У агульным кантэксьце можна прачытаць «гаси мента охраны».

Міліцыянты выпытвалі ў Гаўрыленкі, які сэнс ён укладаў у згаданы каляж, бо, на іхную думку, у ім чытаўся заклік да «якіхсьці дзеяньняў супраць супрацоўнікаў унутраных спраў і службовых асобаў». Прэтэнзіі ў міліцыянтаў былі і да каляжу з абрэвіятурай забароненай у Беларусі тэрарыстычнай арганізацыі.

Проста супалі словы

Аляксей Гаўрыленка настойваў, што ягоныя фатаздымкі з жартаўлівым сэнсам. Калі яны рабіліся, даводзіў ён, то ў яго не было ніякага намеру заклікаць да нейкіх дзеяньняў ці зьневажаць нечыя перакананьні, гонар і годнасьць.

Аляксей Гаўрыленка
Аляксей Гаўрыленка

«Проста ўбачыў супадзеньне слоў», — казаў міліцыянтам Аляксей.

Пасьля праблемаў з праваахоўнікамі магілёвец усё ж вырашыў прыбраць скандальныя «фатажабы» са сваіх старонак у сацыяльных сетках.

З жартамі Гаўрыленкі міліцыя разьбіралася некалькі месяцаў. Ведамасныя экспэрты, аднак, ня выявілі ў каляжах заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці і яе прапаганды.

Міліцыя крэатыву не зразумела

У інтэрвію Свабодзе Аляксей Гаўрыленка сказаў: міліцыя не зразумела ягонага крэатыўнага мысьленьня. Ён не дапускаў і думкі, што ягоныя працы стануць нагодай для крымінальнага перасьледу.

«Ходзячы па вуліцах, я ўбачыў, што, дадаўшы словы да нейкай шыльды, можа атрымацца сьмешная фраза. Так я зрабіў сэрыю здымкаў пад назвай «Конскія жарты», — гаворыць суразмоўца.

Аляксей працягвае рабіць «фатажабы», але цяпер да выбару сюжэту падыходзіць больш абачліва. Каб пазьбегчы міліцэйскіх праверак, кажа ён, «радыкальных каляжоў» на фоне дзяржаўных устаноў больш ня робіць.

Аляксей Гаўрыленка мае спэцыяльнасьць пекара. У магілёўскай кавярні «Залаты ключ», якая ў аздабленьні ўжывае беларускую мову, прадае блінцы. Яшчэ ён фэйк-дудар — забаўляе мінакоў граньнем пад фанаграму на дудзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG