Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх дэпутатаў вернуць у Страсбур з выпрабавальным тэрмінам


Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы. Фота ©Shutterstock

Ад студзеня 2018 году Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) часткова рэабілітуе ў правох беларускіх дэпутатаў. У прыватнасьці, тыя змогуць удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў палітычнай камісіі ПАРЭ ў Страсбуры. Такой магчымасьці яны былі пазбаўленыя апошнія 20 гадоў.

Адпаведная інфармацыя агучана падчас наведваньня 23 лістапада Палаты прадстаўнікоў дакладчыкам па Беларусi камісіі ПАРЭ ў палітычных пытаньнях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

Ён удакладніў, што рашэньне прынятае з «выпрабавальным тэрмінам» на два гады. Ранейшая практыка абмяжоўвалася запрашэньнем парлямэнтароў толькі ў тым выпадку, калі на парадку дня значылася пытаньне Беларусі. На студзеньскай сэсіі дэлегацыя зь Менска далучыцца да абмеркаваньня пытаньняў. Праўда, пакуль толькі ў рамках палітычнай камісіі.

У двухбаковай супрацы мяркуецца засяродзіцца перадусім на пытаньнях скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, а таксама на тэме абароны правоў чалавека і выбарчай праблематыцы.

У 1993 годзе Вярхоўны Савет Беларусі атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ. Аднак ужо ў 1997-м беларускія парлямэнтары такой прывілеі былі пазбаўленыя — неўзабаве пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі рэфэрэндуму пра захаваньне ў краіне сьмяротнага пакараньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG