Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык ПАРЭ Рыгоні: Наша мэта — увесьці Беларусь у Раду Эўропы 


Дакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні
Дакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы бачыць сваёй задачай набліжэньне Беларусі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Пра гэта заявіў дакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні ў Менску падчас сустрэчы з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком.

Эўрачыноўнік удакладніў, што пасьля чэрвеньскага дакладу, прысьвечанага Беларусі, зарэгістраваныя пэўныя крокі насустрач у параўнаньні з тым, што было раней. У папярэдняй справаздачы, сярод іншага, адзначалася: нягледзячы на паляпшэньне палітычнага клімату, да сакавіка 2017 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі заставалася складанай. Найперш меліся на ўвазе затрыманьні і арышты за так званыя «Маршы недармаедаў» і на Дзень Волі.

Тым ня менш Андрэа Рыгоні спадзяецца на плённасьць свайго візыту ў Менск і рэгіёны.

«Крокі наперад робяцца ў працэсе размовы, абмену думкамі, дыскусій, — цытуе Рыгоні агенцтва БелаПАН. — Бо калі сядзець дома і маўчаць, ніякіх крокаў наперад зрабіць немагчыма. І мы бачым сваёй галоўнай задачай набліжэньне Беларусі да стандартаў і каштоўнасьцяў Рады Эўропы».

Сьмяротнае пакараньне — асноўная мэта візыту

Андрэа Рыгоні нагадаў, што ў часе ліпеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што «робяцца крокі, каб прыйсьці да гэтай мэты».

Пры гэтым ён прызнаў, што для дасягненьня кансэнсусу застаецца яшчэ значная дыстанцыя. Перадусім беларускі бок мусіць зрабіць рэальныя крокі ў пытаньні мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

24 лістапада зь яго ўдзелам адбудзецца пасяджэньне рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі найвышэйшай меры як інструмэнту пакараньня. Як паведаміў БелаПАН кіраўнік групы Андрэй Навумовіч, гэтае пытаньне зьяўляецца асноўнай мэтай візыту Андрэа Рыгоні.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. У 1997 годзе, неўзабаве пасьля рэфэрэндуму, вынікам якога стала захаваньне найвышэйшай меры, краіна была пазбаўлена статусу спэцыяльна запрошанай ў ПАРЭ.

Цяперашні візыт Андрэа Рыгоні будзе доўжыцца да 27 лістапада. Заплянаваныя сустрэчы дакладчыка ў Палаце прадстаўнікоў, Менскім абласным і Валожынскім раённым саветах дэпутатаў, з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG