Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Чэхіі патрабуе зьняць імунітэт зь верагоднага прэм’ера Бабіша


Андрэй Бабіш

Паліцыя Чэхіі папрасіла парлямэнт зьняць дэпутацкі імунітэт з Андрэя Бабіша, якому прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман даручыў фармаваньне новага кабінэту пасьля выбараў у кастрычніку.

Паліцыя матывуе сваю просьбу тым, што пазбаўленьне Бабіша дэпутацкай недатыкальнасьці дазволіць яго судовы перасьлед па справе аб меркаваным махлярстве ў сувязі з субсыдыямі Эўразьвязу.

Пра гэта паведаміла 21 лістапада прэс-служба ніжняй палаты парлямэнту Чэхіі.

Бабіш, чыя партыя ANO атрымала 78 месцаў у 200-мандатнай ніжняй палаце, адмаўляе любыя правапарушэньні і лічыць абвінавачаньні палітычна матываванымі. Паліцыя падазрае, што мільярдэр-прадпрымальнік затаіў права ўласнасьці на фэрму «Гняздо Бусла» і кангрэс-цэнтар амаль дзесяць гадоў таму, каб атрымаць ад Эўразьвязу субсыдыю ў памеры двух мільёнаў эўра, якая была часткай праграмы, накіраванай на разьвіцьцё малога бізнэсу.

Заканадаўцы ўжо прагаласавалі ў верасьні, каб дазволіць яго судовы перасьлед, але Бабіш зноў атрымаў імунітэт пасьля перавыбраньня ў дэпутаты. Ён сказаў 21 лістапада, што новая просьба аб зьняцьці імунітэту стала яшчэ адным сьведчаньнем кампаніі супраць яго. «Хуткасьць, зь якой яны зноў ідуць за мной, толькі паказвае, які велізарны страх мае карумпаваная сыстэма, наколькі гэтая старая сыстэма баіцца мяне і як чэпка яны спрабуюць мяне дастаць», — цытуе Бабіша інфармацыйнае агенцтва ČTK.

Прэзыдэнт Мілаш Зэман даручыў Бабішу сфармаваць урад, але справа ускладнілася тым, што амаль усе астатнія восем партый у ніжняй палаце адмовіліся працаваць зь ім. Бабіш вырашыў стварыць кабінэт меншасьці, які можа быць прызначаны ў бліжэйшыя тыдні.

Бабіш прыйшоў у палітыку ў 2011 годзе і быў міністрам у папярэднім урадзе. У пачатку гэтага года ён перанёс у даверныя фонды сваю частку бізнэс-імпэрыі — вартую 4 мільярды даляраў, якая складаецца з шматлікіх кампаній у харчовай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, хімічнай прамысловасьці і сродках масавай інфармацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG