Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Між двух агнёў», — украінскі гісторык Яраслаў Фошчан пра япіскапа Георгія Каніскага


Адна з расьцяжак у Магілёве да трохсотгодзьдзя Георгія Каніскага

Гісторык Яраслаў Фошчан напісаў кнігу пра сьвятара Георгія Каніскага. Стаўленьне да гэтай гістарычнай асобы ў Беларусі неадназначнае. Паводле ўкраінскага навукоўца, Каніскі, пабыўшы на япіскапскім служэньні ў Беларусі, прасіўся на радзіму ў манастыр.

Праваслаўныя адзначаюць трохсотгадовы юбілей рэлігійнага дзеяча Георгія Каніскага (нарадзіўся 20 лістапада 1717 году). Сёлета ў Магілёве ў гонар сьвятара праходзілі канфэрэнцыя, урачыстыя набажэнствы, хросны ход. У іх удзельнічалі прадстаўнікі праваслаўнага духавенства зь Беларусі, Украіны, Расеі. Выступалі зь вітальнымі прамовамі чыноўнікі. Тым часам стаўленьне да асобы Каніскага ў Беларусі неадназначнае.

Пераводзіў уніятаў у праваслаўе

Сьвятар дзесяцігодзьдзямі, як кажа дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, прымусова навяртаў у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Мэтодыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсьціслаўшчыне, пазьней пашырылі на ўсю Беларусь.

«Такім чынам, — казаў Бацюкоў на адной з імпрэзаў, — адбылася падвойная зьмена рэлігійнай ідэнтычнасьці насельніцтва. Спачатку праваслаўных навярталі на ўніятаў, а потым уніятаў на праваслаўных. Гэта дужа моцна паўплывала на беларусаў. Яны пачалі з варожасьцю ўспрымаць сваю ўласную гісторыю».

Хросны ход у гонар Каніскага ў Магілёве
Хросны ход у гонар Каніскага ў Магілёве

Заступіўшы на біскупскую пасаду, кажа Бацюкоў, Канінскі ўзначаліў рух за далучэньне беларускіх зямель, занятых праваслаўным насельніцтвам, да расейскай дзяржавы.

Перахрысьціў 120 тысяч вернікаў

Тым часам праваслаўныя герархі Георгія Каніскага называюць абаронцам праваслаўнай веры ды ўважаюць за сьвятога абаронцу зямлі Беларускай. Ягоную постаць бачаць у адным шэрагу зь Ефрасіньняй Полацкай і Кірылам Тураўскім.

На сёлетнім хросным ходзе ў памяць Каніскага мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел сярод заслуг Каніскага таксама адзначаў навяртаньне ў праваслаўную веру тых, хто «зьбіўся з праваслаўнага шляху». Паводле мітрапаліта Паўла, перахрышчаных Каніскім у праваслаўе было 120 тысяч.

Прасіўся назад ва Ўкраіну

Украінскі гісторык Яраслаў Фошчан дасьледуе чыннасьць Георгія Каніскага. Неўзабаве навуковец прэзэнтуе сваю кнігу «Георгій Кониський: від України до Білорусі».

Кандыдат гістарычных навук лічыць: Каніскі, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Сьвятар прасіўся, каб яго адправілі з архіяпіскапскага служэньня ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр.

Яраслаў Фошчан адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Гісторык Яраслаў Фошчан
Гісторык Яраслаў Фошчан

— Спадар Яраслаў, якое стаўленьне да Каніскага ва Ўкраіне?

— Ва Ўкраіне стаўленьне да Каніскага ў цэлым станоўчае, хоць, вядома, і неадназначнае. Як і ў Беларусі, наша праваслаўнае духавенства з павагай ставіцца да асобы архіяпіскапа Георгія, аддаючы належнае ягоным заслугам у барацьбе за інтарэсы праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. Аднак пэўная частка ўкраінскіх дасьледчыкаў мае свой погляд на ягоную дзейнасьць у беларускі пэрыяд жыцьця.

Так, вядомы сучасны літаратуразнаўца і гісторык Валеры Шаўчук зьвяртае ўвагу на зьмену сьветапоглядных арыенціраў Георгія Каніскага, выкліканую ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ў Беларусі. На яго думку, Каніскі нібыта складаўся зь дзьвюх узаемна супярэчлівых асобаў. З аднаго боку, выбітны для свайго часу асьветнік, пэдагог і вучоны, з другога — правадыр вялікадзяржаўнай палітыкі ў Беларусі і рэлігійны дзеяч у духу рускага праваслаўя.

Як з майго гледзішча, у Беларусі Каніскім пераважна цікавяцца як царкоўным дзеячам. Ва Ўкраіне ж, прынамсі да нядаўняга часу, выклікала цікавасьць перш за ўсё ягоная роля як выкладчыка і кіраўніка Кіева-Магілянскай акадэміі, аўтара некалькіх навучальных курсаў зь перадавымі на той час элемэнтамі, аўтара эталённай драмы-маралітэ «Ўваскрасеньне памерлых» і іншых. А ў гэтым кантэксьце ягоная дзейнасьць адназначна станоўчая. Хоць, як гэта ні сумна, з майго ўласнага досьведу, большасьці ўкраінцаў імя Георгія Каніскага невядомае, або традыцыйна многія яго ведаюць выключна як аўтара вядомай «Гісторыі Русаў», хоць на сёньня ягонае аўтарства гэтага твору аргумэнтавана адмаўляецца.

Ягоныя дзеяньні мелі нэгатыўныя наступствы для ўкраінцаў і беларусаў

— Спадар Яраслаў, як вы лічыце, чаму ў Беларусі неадназначнае стаўленьне да Каніскага?

— Падобнае стаўленьне да Каніскага — адлюстраваньне напружаньня ў беларускім грамадзтве наконт цяперашніх дачыненьняў з Расеяй. Хоць на першы погляд ва ўзаемадачыненьнях Беларусі і Расеі існуе пэўная стабільнасьць, аднак расейская агрэсіўная палітыка адносна суседніх дзяржаў ня можа не накладаць нэгатыўнага адбітку.

Архірэйскі палац, у якім жыў Каніскі
Архірэйскі палац, у якім жыў Каніскі
Шыльда на будынку
Шыльда на будынку

Дарэчы, у гістарыяграфіі Каніскага таксама прысутнічаюць вельмі палярныя погляды на яго дзейнасьць, я б сказаў, нават крайнасьці. Напрыклад, расейскія гісторыкі ў асноўным падкрэсьліваюць ягоныя дзеяньні, накіраваныя на карысьць праваслаўных, а польскія — ягоную «сьляпую лютасьць» да ўніятаў і ўсяго польскага, а да таго ж тое, што ягоная дзейнасьць была справакаваная расейскімі ўрадам. Таму, сапраўды, важна данесьці шырокай грамадзкасьці як мага больш дакладнай інфармацыі пра дзейнасьць архіяпіскапа.

Далучаючы ўніятаў да праваслаўя, ён не цураўся сілавых мэтадаў. І гэта, і русыфікацыя царкоўнага абраду мела нэгатыўныя наступствы для ўкраінскага і беларускага народаў. Але дзеля аб’ектыўнасьці варта адзначыць, што Георгі Каніскі вымушаны быў «дзейнічаць паміж двух агнёў»: з аднаго боку — Рэч Паспалітая, з другога — палітычныя пляны расейскіх уладаў.

Яраслаў Фошчан, як і Георгі Каніскі, нарадзіўся на Чарнігаўшчыне. У Нежыне скончыў інстытут імя Мікалая Гогаля (цяпер унівэрсытэт). Сваю дыплёмную працу прысьвяціў Каніскаму. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Георгій Кониський як носій українських церковних та культурних традицій на теренах Білорусі». У сваёй кнізе «Георгій Кониський: від України до Білорусі» робіць комплексны аналіз жыцьця, творчасьці і дзейнасьці Георгія Каніскага ды вызначае ягоны ўнёсак у сацыякультурную спадчыну ўкраінскага і беларускага народаў у XVIII стагодзьдзі.

Ідэю назваць плошчу ў Магілёве імем Каніскага не падтрымалі

Георгія Каніскага запрасілі з Украіны на япіскапскае служэньне ў Беларусь у 1755 годзе. Ён жыў і дзейнічаў на зломе эпохаў. Праваслаўная вера на беларускіх землях у другой палове 18 стагодзьдзя была ў заняпадзе. Каб абараніць праваслаўе, Каніскі зьвяртаўся па дапамогу да Расеі. Скардзіўся каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Панятоўскаму. Падзеі таго часу прывялі да зьнікненьня Рэчы Паспалітай з палітычнай мапы Эўропы.

Крыж у гонар Каніскага на Архірэйскім вале
Крыж у гонар Каніскага на Архірэйскім вале

У Магілёве праваслаўныя хочуць паставіць помнік Каніскаму. Летась прапаноўвалі пераназваць плошчу Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага. Ініцыятыва выклікала палеміку ў грамадзтве і засталася не рэалізаванай. Між тым у 1992 годзе пераназваньне ў горадзе валу «Красной звезды» ў архірэйскі вал Каніскага ня выклікала ў грамадзтве напружаньня. Такі крок расцэньваўся як аднаўленьне гістарычнай праўды.

6 жніўня 1993 году архіяпіскап Георгі Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых сьвятых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных сьвятынях Магілёва. На Архірэйскім вале ёсьць крыж у памяць Каніскага, а на архірэйскім палацы — шыльды са зьвесткамі пра ягонае жыцьцё.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG