Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паедзе ў Тбілісі па «новы імпульс»


Першы ў гісторыі двухдзённы візыт грузінскай парлямэнцкай дэлегацыі ў Беларусь распачаўся 20 лістапада ў Менску. У першай палове наступнага году мае адбыцца візыт кіраўніка Беларусі ў Грузію.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка заклікаў грузінскіх калегаў шчыльна папрацаваць над задачай, якую сёньня паставіў Аляксандар Лукашэнка — выйсьці на 200 мільёнаў даляраў гадавога таваразвароту.

Летась краіны нагандлявалі на 75 мільёнаў даляраў, сёлета могуць выйсьці на 100 мільёнаў. І тут, лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў, павінны дапамагчы дэпутаты, бо, паводле яго, «урады пакуль працуюць аўтаномна, дэпутаты — аўтаномна».

У Тбілісі аддаюць перавагу палітыцы

Старшыня парлямэнту Грузіі Іраклі Кабахідзэ назваў палітычныя стасункі Грузіі і Беларусі «цудоўнымі», а эканамічныя — «добрымі». Грузінскі сьпікер падкрэсьліў, што ягоная краіна надзвычай удзячная беларускім уладам за падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі, за непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пра гэта, нагадаў спадар Кабахідзэ, «мы сёньня шмат гаварылі прэзыдэнту Лукашэнку».

Візыт Лукашэнкі ў Грузію рыхтуюць на першую палову 2018 году

На сустрэчы было адзначана, што прэзыдэнт Беларусі плянуе наведаць Грузію ў першым паўгодзьдзі наступнага году. Парлямэнтары абедзьвюх краін спадзяюцца, што гэтая паездка надасьць двухбаковым дачыненьням «новы імпульс».

І зноў жа беларусы акцэнтавалі ўвагу на эканамічным напаўненьні візыту. Грузіны ж больш зьвярталі ўвагу на ўмацаваньне дружбы. Дэпутаты хвалілі амбасадараў, якія прыклалі шмат намаганьняў дзеля агульнай справы: Міхаіла Мятлікава, які працуе ў Грузіі ад ліпеня 2016 году, і Давіда Катарыю, чые паўнамоцтвы ў Беларусі завяршаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG