Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт праводзіць праверку сьмерці мужчыны, які чысьціў дах кароўніка перад прыездам Лукашэнкі


Работнік Гомельскага хімзаводу загінуў, чысьцячы дах кароўніка ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава, Буда-Кашалёўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці мужчыны 1984 году нараджэньня.

«У суботу ўдзень мужчына чысьціў дах кароўніка на МТФ у вёсцы Бушаўка. Наступіў на полікарбанат і праваліўся ўсярэдзіну. Памёр на месцы здарэньня. У рамках правядзеньня праверкі прызначана правядзеньне шэрагу экспэртызаў», — расказала Крываногава.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Буда-Кашалёўскі раён у канцы лістапада павінен прыехаць Аляксандар Лукашэнка. У раёне ў аўральным рэжыме наводзяць парадак. У добраўпарадкаваньні задзейнічаныя ня толькі вяскоўцы і спэцыяльныя службы, але і работнікі розных арганізацыяў і прадпрыемстваў, у тым ліку і Гомельскага хімзаводу. Загінулы працаваў кіроўцам аварыйна-выратавальнага аўтамабіля на хімзаводзе, разам з калегамі ў суботу прымаў удзел у добраўпарадкаваньні — чыстцы кароўніка ў Бушаўцы.

Да бацькоў Кірыла Раманава прыяжджала кіраўніцтва заводу, прапаноўвалі сваю дапамогу, расказвалі, што інструктаж пра тэхніку бясьпекі Кірыл праходзіў. У сваю чаргу сваякі загінулага будуць дамагацца праверкі здарэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG